СПАДЗЯЮЦЦА ТОЛЬКІ НА БОГА

У гэтым годзе надвор’е спрыяе ўборцы зерневых. Але, разам з тым,  стварае і аптымальныя ўмовы  для ўзнікнення пажараў. Асабліва там, дзе правілам супрацьпажарнай бяспекі не ўдзяляюць належнай увагі.

 У адзін са спякотных дзён  група ў складзе  намесніка начальніка  аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС А.І.Сычова, начальніка Сенненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.У. Казлоўскага, старшага інспектара ДПН А.Л. Хізаўца і карэспандэнта райгазеты правяла рэйд-праверку зернесушыльных гаспадарак сельгасарганізацый.

 Першай наведалі сушылку СВК “Белая Ліпа”, якую ў прастамоўі называюць польскай. Яе работнікі на ўсе пытанні адказвалі сцвярджальна: сродкі пажаратушэння ёсць, інструктаж па пажарнай бяспецы праводзіўся…

 Пасля гутаркі правяраючыя пайшлі “шукаць” тыя сродкі. Два вогнетушыцелізнайшлі ў каморцы, дзе было абсталявана нешта накшталт ложкаў для адпачынку. Пад адным з іх сіратліва ляжалі два чырвоныя балоны. Але карыстацца імі, відаць, ніхто не збіраўся, бо  завалены былі сродкі пажаратушэння нейкімі гумавымі шлангамі. Да таго ж, змесціва балонаў даўно ўжо пакінула ёмістасці і засохла звонку ў выглядзе белай масы. Карацей кажучы, карыстацца імі было нельга. З іншых сродкаў барацьбы з агнём знайшліся два вядры. Журнал інструктажу, што быццам праводзіўся, адсутнічаў. Ёмістасць для паліва была ў падцёках і не афарбаваная. І гэта далёка не поўны пералік парушэнняў.

 Зусім іншая карціна сустрэла рэйдавую групу на зернетаку “Масоры” КУСГП імя П.М.Машэрава. З пажарабяспекай тут было ўсё ў парадку.

 Далей наш шлях ляжаў у СВК “Кругляны”. Размова, якая адбылася паміж інспектарамі і загадчыцай тока, нагадвала дрэнную гумарэску:

 — Якія сродкі пажаратушэння ў вас ёсць?

 —  Вада ёсць — дакладна!

—  Вогнетушыцель?

 — Здаецца, недзе бачыла.

— А пасадавая інструкцыя ў вас ёсць?

 —  Была нейкая паперка…

 Вогнетушыцель сапраўды знайшлі. Праўда, карыстацца ім загадчыца тока не ўмела, не кажучы ўжо пра тое, кабнавучыць падначаленых. Наогул, здавалася, што тут спадзяваліся толькі на Бога, не зважаючы на другую палову прыказкі. Па словах пажарнікаў, зернесушыльнай устаноўцы, якой карысталіся, ужо 30 гадоў, і да гэтага часу печ распальваецца факелам. Паліцца ў ёй доўгімі бярвеннямі, ад чаго яна псуецца і можа ўзнікнуць пажар. Знайшлі таксама шмат іншых парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі.

 На зернесушыльным комплексе ў СВК “Сту­дзёнка” недахопаў у гэтым плане было менш. А вось у  СВК “Сінягорскае” бяда можа здарыцца ў любую мінуту. Ужо з дарогі кінулася ўвочы, як эксплуатуецца печ:  зусім без нагляду, з няшчыльна зачыненымі дзверцамі. А побач — лёгкаўзгаральныя  матэрыялы. Двор тока не вымятаецца. Не чысціцца і сама сушылка. Затое мы знайшлі пажарны шчыт: акуратны, пафарбаваны, як і трэба, у чырвоны колер,  але зусім пусты, без адзінага сродка тушэння…

Вядома ж, усе вышэйпералічаныя і многія іншыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ўзяты на кантроль, будуць складзены адпаведныя пратаколы, і адказныя асобы атрымаюць штрафы. Але, па словах супрацоўнікаў пажарнага нагляду, гаспадаркі ўстараняюць прыкладна толькі 20 % зафіксаваных у прадпісаннях парушэнняў. Большасць недахопаў працягвае існаваць з году ў год.  Пры гэтым ліквідацыя дзесьці паловы з іх не патрабуе амаль ніякіх фінансавых выдаткаў.

Таццяна

Буракова.