Жизненный и боевой путь жителя Сенненщины Ивана Батуры

Жыхар вёскі Алёхнава Іван Батура ў гады фашысцкай акупацыі страціў трох з пяці дзяцей. Каб выратаваць астатніх ад голаду, ва ўзросце амаль 50 гадоў, сляпы на адно вока, ён паехаў на лесанарыхтоўкі пад Мурманск, а потым у Прыбалтыку, адкуль прывёў дойную карову.

                                                                                     Акупацыя

 У ліпені 1941 года разам з вайной на Сенненшчыну прышоў тыф. Былі хворыя і ў Алёхнаве, у тым ліку ў хаце Івана Батуры. Першай захварэла жонка. Калі немцы ўвайшлі ў вёску, Домна ўжо не ўзнімалася з ложка. Салдаты заходзілі амаль у кожную хату.

 — Матка, яйкі, млека…—  лапаталі яны.

 Не прамінулі і двор Батураў. Іван быў якраз на гарышчы, калі пачуўся стрэл.

 — Домна! — сцялася сэрца.

 Але высветлілася, што забілі не хворую, а сабаку, якая сустрэла чужынцаў брэхам. З хаты, дзе ляжала хворая, не ўзялі нічога.

 Затое ўзяла хвароба. На тыф захварэлі дзеці,  двое з іх, самыя малодшыя, неўзабаве памерлі. Астатнія перасілілі нядуг, устала на ногі і Домна.

 — Пра іншыя нейкія надзвычайныя падзеі ці здарэнні дзядуля не расказваў, — успамінае расказы Івана Батуры яго ўнук Ге­надзь Шарпіла. – Партызаны, паліцаі, немцы сталі звыклымі, хоць і няпрошанымі,гасцямі сям’і.

 З партызанамі, відаць, кантакты ў Батураў былі больш прыязныя і цесныя. У іх выніку падаўся ў лес старэйшы сын Івана і Домны, названы ў гонар бацькі. Праўда, паваяваць яму не ўдалося. Арганізм маладога хлопца не вытрымаў нягод суровага партызанскага жыцця і ён неўзабаве памёр, прастудзіўшыся.

 Мала чым лепш за партызан жылі ў вёсцы. Не мерзлі канешне, але галадаць даводзілася. Ратавала толькі зямля, прадукты харчавання, вырашчаныя на ёй, лясныя дары. Затое жыўнасць звялася ўся. Нават карова, якая ў Батураў вызначалася, можна сказаць, розумам. Калі толькі ў вёску прыходзілі немцы, чулася чужая гаворка, рагуля з усіх ног кідалася ў лес, дзе для яе было падрыхтавана запасное стойла. А вось што трэба ратавацца і ад партызан, карова не засвоіла…

                                                          

                                                                   Франтавыя дарогі

 Летам 1944 года Івана Баніфатавіча прызвалі ў армію. Служыць давялося ў пяхоце, хоць і нядоўна. Апошні свой бой салдат прыняў пад Кёнігсбергам. З іх узвода ўцалелі шасцёра, выжыў і Батура, хоць пасля ранення ў галаву страціў зрок на левае вока.

 — Пасля атакі мы ўступілі ў непасрэднае сутыкненне з немцамі. У ход з абодвух бакоў пайшлі гранаты. Асколак адной з іх, кінутай ворагам, трапіў мне ў галаву, — расказваў пазней ён унукам. Дарэчы, аднаго з іх, Міхаіла Шарпілу, Іван Батура ўзрасціў ледзь не з пялёнак — быў і за дзеда, і за бацьку. З дзедавай хаты хлопец пайшоў у войска, у дзедаву хату прывёў жонку.

                                                                           Сава…

 Пасля шпіталя Івана Батуру дэмабілізавалі не адразу. Некаторы час ён служыў санітарам, дзе нядаўна лячыўся, хоць сэрца рвалася ў Алёхнава. Ведаў – яго дапамога ох як патрэбна родным.

  Да сям’і вярнуўся не без падарункаў, прывёз нават крыху харчоў. Але трэба было шукаць нейкі пастаянны сродак для існавання. Іван Батура знайшоў яго ў лесе – гэта была здзічэлая нямецкая кабыла. Некалькі дзён ха­дзіў вясковец за жывёлінай, розныя спосабы прымяняў, аднак кабыла не ішла да рук. Дапамагло добрае веданне лесу. У рэшце рэшт загнаў Саву, як потым назвалі кабылу, у гушчар ельніку, дзе змог накінуць аброць.

 — Цяпер ты будзеш маёй! Цяпер Батуры не прапа­дуць! – прыгаворваў настойлівы селянін, пакуль вёў жывёліну дамоў.

 А ўжо праз некалькі дзён кабыла працавала ў полі, яе выкарыстоўвалі на транспартных работах, у тым ліку ў калгасе.

 Увосень прыйшла разнарадка — накіраваць некалькі калгаснікаў на лесанарыхтоўкі, што вяліся на Кольскім паўвостраве, непадалёк ад Мурманска. Іван Батура на цяжкую працу напрасіўся сам. Разумеў, будзе і заробак, і прадукты харчавання. Ды і выпраўляцца трэба было з канём. А хто мог справіцца з наравістай Савой?

 — Кабыла вельмі баялася гукаў чыгункі, цягніка, і дзед гэтым нярэдка карыстаўся, у тым ліку, калі працаваў на лесанарыхтоўцы. Ён трубіў, як паравоз, і жывёліна, напружваючы сілы, везла гружаныя драўнінай сані, — зноў узгадвае ўспаміны дзеда Генадзь Шарпіла.

                                                                             За каровай

 Вярнуўся Іван Батура вясной: з грашыма, прывёз некалькі мяхоў мукі і круп. Не паспеў добра адпачыць, як агучыў яшчэ адзін свой план – трэба разжыцца каровай. Набыць яе ў пасляваенны час можна было толькі ў Прыбалтыцы. У Латвію Іван Батура выправіўся з аднавяскоўцам. Туды дабраліся чыгункай, назад — хто як мог. Купіць адразу дзве каровы, нават, у Латвіі не ўдалося.

 — Падрабязнасці таго “падарожжа” за часам забыліся. Ведаю толькі, што апошняя частка дарогі майму продку далася няпроста. Наступіла восень, карміць карову не было чым. Ды і начаваць пад адкрытым небам стала холадна. Аднойчы дзед вырашыў папрасіцца на начлег на адным з хутароў. Жанчына, якая адазвалася на яго стук у дзверы, адмовіла ў просьбе, спаслаўшыся, што гаспадара няма дома. Праўда, калі той з’явіўся позна ноччу, то адчыніў хлеў для каровы, запрасіў у хату падарожнага чалавека, — расказаў Генадзь Шарпіла.

 Іван Батура некалькі дзён адпачываў у гасцінных хутаран. Калі стаў выпраўляцца ў дарогу, яму нават далі некалькі мяхоў сена для каровы. Як бы там не было, карова і яе новы гаспадар у рэшце рэшт дабраліся ў Алёхнава.

 Іван Баніфатавіч Батура пражыў доўгі век, які дажываў адзін. Любая Домна, «гаротніца», як называў ён жонку, адышла ў іншы свет раней гаспадара. Дажываў пад прыглядам унука Міхаіла, якога навучыў усяму, што ўмеў сам: ­араць, касіць, выконваць любую сялянскую працу. А яшчэ яго і іншых сваіх нашчадкаў Іван Батура вучыў дапама­гаць іншым, не трымаць зла на людзей і ніколі не здавацца, як бы ні было цяжка. Добрую памяць пакінуў пра сябе і ў калгасе імя Дзяржынскага, ганаровым калгаснікам якога ён быў. Праўда, зараз нават старэйшыя жыхары вёскі Алёхнава з цяжкасцю ўспамінаюць гэта прозвішча. Магчыма наша публікацыя дапаможа абудзіць памяць аб простым звычайным чалавеку. Такія як ён былі толькі пясчынкай у віхуры вялікіх гістарычных падзей. Але менавіта на іх трымаецца зямля і род чалавечы.

 Аляксандр ІЎЕЎ.

 

 

admin

Recent Posts

Лукашенко об экспозициях Национального исторического музея: действовать оптимально, но не скупиться

Президент Беларуси Александр Лукашенко, посещая площадку строительства Национального исторического музея, поручил сделать экспозиции оптимальными, но не скупиться,…

13 минут ago

На Сенненщине проходит республиканский субботник

Глава района Александр Клячин, председатель райсовета Михаил Вилюго и работники райисполкома помогают ОАО «Белая липа».…

36 минут ago

Пьяный житель Шумилино пытался застрелить милиционера, его задержали при попытке сбежать

В Шумилино местный житель в состоянии сильного алкогольного опьянения пытался застрелить милиционера, а затем сбежать,…

21 час ago

Команда Сенненского района представила Витебщину на республиканских соревнованиях по мини-футболу

Команда Сенненского района, в состав которой вошли учащиеся СШ № 1 райцентра, представляла Витебскую область…

21 час ago

В Сенненском районе завершают отопительный сезон

В Сенненском районе завершают отопительный сезон. На основании Правил подготовки организаций к отопительному сезону, его…

21 час ago

На базе центральной районной библиотеки прошел тематический семинар ”Библиотека – центр повышения правосознания и правовой культуры граждан“

На базе центральной районной библиотеки прошел тематический семинар ”Библиотека – центр повышения правовосознания и правовой…

21 час ago