Жыхар в. Літусава Браніслаў Румо падзяліўся гісторыямі ваеннага мінулага бацькі-франтавіка
Жыхар в.Літусава Браніслаў Румо расказаў пра бацьку-франтавіка, падзяліўся гісторыямі яго ваеннага мінулага. Разам з сынам ветэрана ўдалося пагартаць сямейны альбом і ўзгадаць жыццё пасляваеннай вёскі.

Ганна Антонаўна і Герасім Рыгоравіч пасля вайны
Паказваючы на здымак маладога бацькі ў ваеннай форме, мужчына адзначыў: «Тата нікому не жаліўся на лёс. Лічыў сябе простым чалавекам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, як мільёны іншых. Ні разу нідзе не падкрэсліў, што інвалід, што не дзейнічала рука… Куля ў жываце так і засталася на ўсё жыццё, а асколкі нагадвалі аб вайне да апошніх яго дзён».
Сям’я салдата
Даваенная гісторыя сям’і бярэ свае карані з канца XIX ст., калі продкі Лісецкія прыехалі на Віцебшчыну з Заходняй Беларусі. Яны былі веруючымі каталікамі. Спачатку ўладкаваліся ў вёсцы Пурплева (там і цяпер засталіся рэшткі старадаўняга касцёла, каля якога знаходзілася сядзіба). Пасля сям’я знайшла прытулак на хутары Рукалева. «Герасім, мой бацька, нарадзіўся ў 1914 годзе ў шматдзетнай сям’і Рыгора Румо і Марыі Захараўны (Шушкевіч). Жаніўся тата ў 20 гадоў на Ганне Антонаўне Лісецкай. У 1939-м маладая сям’я перабралася ў в.Звягі-Рошчына. Яны выгадавалі пяцёра дзяцей. Бацькоўскую сядзібу было вырашана захаваць», — расказвае мой суразмоўца. Стары квітнеючы сад і палеткі старанна даглядае Браніслаў Герасімавіч. Ужо стала традыцыяй увесну ўсёй сям’ёй садзіць тут бульбу, а пасля абедаць за агульным дзедаўскім сталом.
«Жыццё радавала, – працягвае мужчына, – у бацькоў былі планы. Але… у 1939-м тата пайшоў на фронт. Да Вялікай Айчыннай удзельнічаў у польскім паходзе і савецка-фінскай вайне, служыў у разведцы».
Баявы подзвіг чырвонаармейца
«Я нарадзіўся ў 1947-м. Быў малы і не цікавіўся ў той час у бацькі пра вайну. Таму, якая для таты яна была, мы, яго дзеці, так і не даведаліся. Успамінаць мала хто хацеў. Ветэрана не стала ў 1988 годзе, яму было 74”, – удакладняе сын Герасіма Рыгоравіча. Пра баявыя подзвігі чырвонаармейца Румо гавораць ордэны і медалі, што засталіся ў спадчыну ўнукам і праўнукам. Яны беражліва захоўваюць у сямейным архіве ўсё, што так ці інакш звязана з дзедам. Калаж з медалямі героя займае ганаровае месца ў доме сына побач з партрэтамі бацькоў. Браніслаў Герасімавіч пералічвае ўзнагароды ветэрана: ордэн Айчыннай вайны I ступені, ордэн Айчыннай вайны III ступені, ордэн Славы III ступені, ордэн Чырвонага Сцяга, ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945».
«Тата расказваў, як у 1942-м гнаў іх немец, адступалі на Маскву, некалі было звяртаць увагу на тыя раны: падлечуць – і ў бой», — успамінае мужчына.

Румо Герасім, 1960-я
Ржэўска-Вяземская наступальная аперацыя пакінула глыбокі след у памяці байца. Пераглядаючы архіўныя дакументы, заўважаем загад аб узнагароджанні радавога Румо ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У апісанні подзвіга – некалькі радкоў, але нават па іх зразумела, як цяжка прыйшлося салдату ў той бітве: «Чырвонаармеец Румо, сапёр 40 асобнага сапёрнага батальёна 8-й штурмавой брыгады 2-га Беларускага фронту, прымаў актыўны ўдзел у баях з нямецкімі захопнікамі з 18.08.41 – 21.04.44 гг. І ў баі за Жлобін атрымаў цяжкае раненне ў левую руку, правую нагу, шыю і правае плячо: у выніку ранення левая рука зусім не працуе, правая нага перашкаджае хуткаму перамяшчэнню. За актыўны ўдзел на франтах Айчыннай вайны і атрыманыя цяжкія раненні годны ўзнагароджання ордэнам Айчыннай вайны II ступені».
Нашым войскам прыйшлося праявіць небывалую смеласць і адвагу, каб разграміць асноўныя сілы групы арміі «Цэнтр» і стварыць спрыяльныя ўмовы для наступлення на Бабруйскім накірунку. У ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі савецкія войскі нанеслі сур’ёзнае паражэнне праціўніку, што далей адыграла вялікую ролю ў Бабруйскай аперацыі 1944 г. Многія зрабілі гэта коштам свайго жыцця… Сын байца ўзгадвае: «Падчас таго бою тата ляжаў на аперацыйным стале палявога шпіталя: рука адбітая ў локці. Чуў, як гаварылі ўрачы: «Давай ампуціруем. – А, можа, будзе жыць? Давай прышыем». Яна засталася сухарукая. Бацька вярнуўся дадому ў 1944-м увесь пабіты. На кастылях, шыя, рука і галава абвязаны, з асколкамі ў нагах, куля ў жываце. Я мыў яго і стрыг. Ад удару ў патыліцы, на два пальцы, – адтуліна. У гэтым месцы быў вырваны кусок мяса да касці. Як толькі не адбіла галаву?».

На савецка-фінскай вайне з баявымі таварышамі (Румо Герасім — крайні справа)
Былыя раны
«Бацька жыў з патрывожанай нервовай сістэмай, – працягвае сын ветэрана. – Як надвор’е мяняецца – станавіўся сам не ў сабе. Працаваць не мог. Мама прасіла ў калгасе, каб узялі конюхам. Тады мы, старэйшыя дзеці, пасвілі і днём, і ноччу. Працаваў вартаўніком на ферме, рахункаводам. Практычна быў не працаўнік – застаўся інвалідам другой групы. Усе казалі, што толькі дзякуючы такой гаспадыні, як мая мама, тата столькі пражыў. Мая сястра Марыя ўспамінала, што бацька здаваўся ёй чорт ведае кім, нават абзывала яго. Дык той не вытрымліваў, мог і кастылём запусціць».
З часам асколкі ўсё мацней трывожылі былога салдата. «У 1966-м, – узгадавае наш герой, – тата паехаў іх даставаць. Куля ў жываце так і была на ўсё жыццё. Колькі лекаў чалавек пераеў! Аднак хадзіў на сваіх нагах. Яшчэ і нервы не давалі жыць. Маці павезла яго ў Лепель у бальніцу. А ўрач кажа: «Гаспадыня, ты не па адрасе прывезла. Калі тут пакінеш, то не вернеш». Забрала дамой».
Застацца жывым
Па ўспамінах сына, ветэран ваяваў у сне. «Бывала, прачнецца і крычыць: «У бой!». Гэта, зразумела, чалавек быў на вайне. У самым пекле, а як застаўся жыў, хто яго вынес з поля боя, як кроў пералілі, ён жа яе шмат згубіў, – нічога гэтага не памятае». Браніслаў Герасімавіч спыніўся на адным эпізодзе бацькавых успамінаў. У 1942-м яны ішлі па лесе, здзяйснялі націск на ворага. У тым пекле салдаты не маглі апомніцца, што адбываецца. На яго вачах гінулі аднапалчане – не ўсім было наканавана дайсці да Ржэва і Вязьмы. У той мясарубцы салдату Румо цудам удалося застацца жывым. «Бацька Радзіму абараняў, ён не думаў, што загіне – ды пра гэта ніхто не думае. Ён выконваў свой абавязак. І нас заўсёды вучыў шчырасці і справядлівасці», – тлумачыць сын франтавіка.
«У Дзень Перамогі да мясцовага абеліску прыходзілі ўдзельнікі вайны. На іх, мабыць, не столькі шрамаў было, як у бацькі. Але ён ніколі не хадзіў і не любіў гаварыць пра свае заслугі. Медалі адзяваў, насіў іх на пінжаку. Аднойчы папрасіў: «Зрабі мне калодачкі»… Неяк паехаў у Звягі, у пусты бацькоўскі дом, гляджу, калодачка яго ёсць, – з сумам узгадвае суразмоўца. – Шкада, што тата не расказваў нічога. Мы раслі і не маглі нават распытаць, як там было»…
Вёска падчас вайны і пасля
«А што ж было ў нашай акупаванай вёсцы? Мама расказвала, як немцы прыходзілі, калі дзе хата нічога – выганялі, а самі засяляліся. Бацька быў на фронце. Маці Ганна Антонаўна з двума дзецьмі і свякроўю вымушаны былі пайсці жыць да знаёмых. Мама з бабуляй паспелі выкапаць у хлеве ямачку і схаваць рэчы. Мясцовы жыхар, які служыў немцам, паведаміў аб гэтым. Фрыцы прыйшлі і забралі тыя схаваныя анучы. Пасля вайны на здрадніка ў Сенненскі ваенны камісарыят быў зроблены данос. Прыехалі з ваенкамата і сталі ў маці пытацца пра ўсё. А яна: «Ай, вайна скончылася — усё мінула». І данос не падпісала. Гэты чалавек, што служыў немцам, зразумеў: цяжка будзе яму тут жыць. Пасля з’ехаў у Прыбалтыку».
Сын Герасіма Рыгоравіча ўспамінае падзеі пасляваеннай пары: «На вёсцы было шмат адзінокіх жанчын. Мужыкоў не хапала. Да маці прыходзілі: «Пусціце свайго мальца (сына), хай мне гарод пабарануе ці падмяшае, альбо сена прывязе». Бацька гэтым не кіраваў, усім займалася мама. Сапраўды, яе заслуга, што бацька столькі пасля вайны пражыў. Яна працавала за яго і за сябе, і нас прымушала. Пражыць трэба ж неяк было, дык набярэ работ гэтых». «Яна расказвала, – працягвае Браніслаў Герасімавіч, – добра было, што ўмела трымаць плуг. Уявіце, гэта было ў вайну і пасля: чатыры бабы цягнуць, а яна за плугам кіруе. Пасля ўжо заводзілі валоў, коней. Толькі ў сярэдзіне 1950-х, памятаю, з’явіўся ў калгасе першы трактар. Яшчэ адзін цікавы факт. Пасля вайны засталіся ў Звягах дзве амерыканскія ці нямецкія «палутаркі» – аўтамашыны. Газончыкі гэтыя стаялі ў калгаснай пуні, рабочыя. Памятаю, збіраліся мальцы здаровыя. Аднавясковец Сяргей Закрэўскі бензіну з хлопцамі пастараюцца раздабыць, завядуць і ездзяць. А то і без паліва з гары спускалі ўніз. Аднойчы не справіліся – скаціліся ў вадаём – валамі выцягнулі (смяецца). Стаялі гэтыя машыны доўга, а куды падзеліся, не ведаю. Вось гэтыя ўспаміны – апошняе, што нам, дзецям пасляваеннай пары, нагадвала аб вайне».
Запісала Надзея ЗУЕВА.
Фота прадастаўлены аўтарам.