У панядзелак, 26 красавіка, спаўняецца 35 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Для многіх гэты дзень застаўся ў памяці як страшны кашмар, які забраў светлае мінулае, пазбавіўшы будучыні на роднай зямлі. Тая ракавая субота змяніла і лёсы тысячам людзей, хто ў тэрміновым парадку быў адпраўлены на ліквідацыю катастрофы.
На працягу чатырох гадоў ішлі работы па ўстараненні наступстваў аварыі. Фёдар Камлёў, жыхар Сянна, быў у ліку тых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, каго адправілі ў зону адчужэння. Гэта быў 1988 год. Мужчына і сёння памятае просьбу свайго начальніка годна несці службу. Роўна месяц — з 15 мая па 15 чэрвеня — разам са сваім калегам Віктарам Калуханавым ён адбыў у Гомельскай вобласці, Нараўлянскім раёне. Фёдару Камлёву на той час было дваццаць шэсць гадоў.
«Страшна не было, — гаворыць ён. – Мы ўсе тады думалі, што баяцца няма чаго: не ў першыя ж месяцы туды паехалі, а праз два гады. Таму і дома камандзіроўку на Гомельшчыну мае родныя ўспрынялі спакойна».
У яго было двое маленькіх дзетак. Можна было папрасіцца ў начальства не ехаць, але сумленне не дазволіла так зрабіць. Для чалавека, які звязаў свой лёс з сілавымі структурамі, паняцце абавязку заўсёды павінна быць на першым месцы. І ён гэта добра ўсведамляў.
Задача, якая стаяла перад новым папаўненнем – зводным атрадам, што прыехаў з Віцебскай вобласці ў вёску Цешкаў, — ахоўваць жылыя дамы і маёмасць эвакуіраваных грамадзян бліжэйшых населеных пунктаў ад марадзёраў. А пажывіцца чужым было шмат жадаючых. «І ведаеце, сам факт таго, што былі такія людзі, якія на чужым горы хацелі заробіць, не ўкладваўся ў нашых галовах ніяк, — адзначае Фёдар Камлёў. – Гаспадары гэтых дамоў жылі дзесьці ў некалькіх сотнях кіламетраў ад сваёй малой радзімы ў надзеі, што вось-вось ім дазволяць вярнуцца».
А былі і такія, якія самі вярталіся на абжытае гадамі месца, не разумеючы ўсёй пагрозы. Ім, як нікому прыходзілася складана, успамінае мужчына. Ні вады добрай, ні электрычнасці, ды і магазінаў паблізу не было. Часам даводзілася са старымі дзяліцца ежай: тушонку, цукар, хлеб аддавалі. Шкада было людзей паважанага ўзросту. На просьбы з’ехаць мясцовыя адмоўна ківалі галавой. Тут дыхаецца лёгка, тут родны дом – гэта было іх асноўным аргументам. І што ты з імі зробіш. Гэта як з птушкай – з параненым крылом не паляціць.
Вёска Цешкаў, дзе размясцілі тады праваахоўнікаў і салдатаў, была вялікая. Да трагедыі на Чарнобыльскай АЭС тут пражывала 178 сем’яў. Ужо пасля выбуху яны былі пераселены ў чыстыя месцы, пераважна ў Чачэрскі раён.
Жылі ліквідатары ў будынку мясцовай школы, якую пераабсталявалі пад казарму. У зону патрулявання іх пускалі па прапусках. «Часам ідзеш па вёсцы і бачыш добрыя дамы, вялікія падворкі, думаеш: чалавек столькі папрацаваў, абжыў месца – і ў адно імгненне прыйшлося яго пакінуць, — адзначае Фёдар Камлёў. – Слёзы наварочваліся на вачах, калі бачыў, як пад бульдозер пабудовы ішлі, як іх з зямлей раўнялі, як кінутыя калгасныя палі зарасталі бур’яном».
Маладому хлопцу бачыць гэта было крайне цяжка. Не думаў ён, што наступствы выбуху на Чарнобыльскай АЭС будуць такія вялікія, прымусяць людзей прыняць новую рэальнасць.
Ад змены да змены жылі праваахоўнікі. Пасля — абавязкова лазня, мыццё адзення. У вольны час чыталі. А яшчэ ад сумных думак выратоўваў баян, на якім умела граў Фёдар Леанідавіч. Музычны інструмент ён знайшоў тут жа ў школе.
Шмат гадоў прайшло пасля той камандзіроўкі. Сёння Фёдар Леанідавіч працуе ахоўнікам у Сенненскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС. Часам ён успамінае тыя дні, унутрана не можа змірыцца з тым, што ўбачыў, што пранёс праз сябе. «Ведаеце, што самае крыўднае ва ўсёй гэтай катастрофе – гэта тое, што многія вёскі як на Гомельшчыне, так і ў іншых абласцях Беларусі і Украіны, не адрадзіліся, — гаворыць мужчына. — Яны так і засталіся зонай адчужэння. А для многіх людзей – гэта іх родныя куточкі, якія ў іх сэрцах і памяці самыя лепшыя».
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.
Жители Витебской области смогут обратиться на «горячую линию» Комитета государственного контроля по вопросу доступности и…
Новая книга о Витебщине появилась в библиотеках Сенненщины. Издание выпущено в рамках масштабной книжной серии…
‼️В Глубокском районе ребенок получил травмы при взрыве петарды По предварительным данным, вечером 8 ноября…
Президент Национального олимпийского комитета Виктор Лукашенко поздравил команду по прыжкам на батуте с успехом на…
Ноябрь на неделе проявит свой переменчивый характер, чередуя морозную свежесть с осенним теплом. Об этом…
В центре особого внимания Госавтоинспекции - безопасность подрастающего поколения. Так, на Сенненщине стартовало республиканское профилактическое мероприятие…