Шляхі вывучэння, адраджэння і папулярызацыі традыцыйнага народнага адзення абмяркоўвалі на адкрытым семінары па рэканструкцыі рэгіянальнага касцюма Сенненскага раёна

Шляхі вывучэння, адраджэння і папулярызацыі, у першую чаргу сярод моладзі, традыцыйнага народнага адзення абмяркоўвалі на адкрытым семінары па рэканструкцыі рэгіянальнага касцюма Сенненскага раёна спецыялісты ў галіне гісторыі народнага касцюма, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскасці. Мерапрыемства, што прайшло ў Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў, стала стартавым у рэалізацыі мясцовай ініцыятывы па аднаўленні Сенненскага строю ў рамках праекта ЕС/ПРААН, якой займаюцца супрацоўнікі Дома рамёстваў.

На пачатку семінара дырэктар Дома рамёстваў Вольга Квашко ўручыла памятны сувенір каардынатару праекта з боку ПРААН Ігару Загрэкаву.

Па словах Ніны Бабровіч, вядучага метадыста па народным сцэнічным касцюме ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», Віцебшчына доўгі час была «белай плямай» на «моднай» карце Беларусі. Бытавала меркаванне, што мясцовы касцюм увогуле не захаваўся. Толькі ў пачатку 1990-х пачалі вяртаць з нябыту, аднаўляць па крупіцах на падставе краязнаўчых апісанняў, знойдзеных у экспедыцыях артэфактаў, строі паўночнага рэгіёна. На сённяшні дзень іх налічваецца больш за 20.

Сенненшчына сярод раёнаў вобласці адметная тым, што знаходзіцца на памежжы Паазер’я і Падня­проўя — так званае Надзвінне. Таму ў аўтэнтычных вырабах мясцовага ткацтва прысутнічаюць рысы, характэрныя як для Віцебшчыны, так і для суседняй Магілёўшчыны. Акрамя таго, Сенненшчына, як ніякі іншы рэгіён, можа ганарыцца цалкам захаваным летнім варыянтам мужчынскага народнага касцюма. Жаночыя строі дайшлі да нас, на жаль, у выглядзе асобных элементаў. Рэканструкцыяй сенненскага строю на працягу многіх  гадоў займаецца Дом рамёстваў. Вынік карпатлівай працы можна было ўбачыць на семінары: дэфіле  ў  самых розных варыянтах рэ­гія­нальнага касцюма  прадставілі  адзінаццацікласнікі СШ №2 г.Сянно.

Адначасова ва ўстанове  культуры  аднаўляюць і старажытныя тэхнікі вырабу адзення. Падчас майстар-класаў можна было не толькі паназіраць за работай майстроў Валянціны Грыбоўскай і Уладзіміра Квашко, але і паспрабаваць свае сілы ў пляценні мужчынскіх галаўных убораў з саломкі ці ў адмысловай тэхніцы нанясення ўзораў на тканіну — так званай набіванцы. Гэты новы накірунак народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачалі нядаўна развіваць ва ўстанове культуры.

Неблагая калекцыя старадаўніх вырабаў ткацтва прадстаўлена ў этнаграфічнай экспазіцыі раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Падрабязна пра яе прысутным расказала галоўны захавальнік фондаў Браніслава Жаўтабрухава. У ліку каштоўнейшых экспанатаў — даматканая посцілка і вышыты ручнік аўтарства самай знанай майстрыхі Беларусі Матроны Маркевіч, арнамент якой упрыгожвае дзяржаўны флаг. З постаццю знакамітай зямлячкі і гісторыяй з’яўлення ўзору на галоўным геральдычным сімвале пазнаёміў навуковы супрацоўнік музея Васіль Бандарэвіч.

На вячоркі па-сенненску

Правядзенне семінара супала з апошнімі днямі масленічнага тыдня, і гэты аспект арганізатары не маглі не ўлічыць. Другая частка мера­прыемства цалкам прысвячалася святкаванню Масленіцы па рэгіянальным абра­дзе. Пра яго ўдзельні­кам семінара распавяла метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лындзіна. Але дакладам ды праглядам ві­дэа­матэрыялаў, прысвечаных Масленіцы і прыгатаванню «пушаных» бліноў па мясцовым рацэпце, справа не абмежавалася. На аграсядзібе СФГ «Лапеха» ўдзельнікі клуба народнай кухні і гульні «Хадчаначка» сумесна з вакальнай групай і дзіцячым фальклорным калектывам Белаліпскага сельскага клуба пры ўдзеле вучняў СШ №2 г.Сянно інсцэніравалі мясцовы абрад гукання вясны. Падчас святочнага дзейства ходцаўскія гаспадыні частавалі прысутных блінамі старажытнай рэцэптуры.

На імпрэзу арганізатары запрасілі вучняў Сенненскай школы-інтэрната. Падлеткі спачатку назіралі за ходам мерапрыемства, а потым і самі з ахвотай танчылі народныя танцы, вадзілі карагоды.

 Тое, што цікавасць моладзі да народнай культуры і, у прыватнасці да нацыянальнага касцюма, мае месца быць, адзначалі падчас семінара ініцыятары праекта па адраджэнні Сенненскага строю — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца і Вольга Квашко. Па прызнанні ўдзель­нікаў дэфіле сенненскіх стро­яў, у такім убранні і адчуваеш сябе па-іншаму, больш камфортна і… ўзнёсла.

Праект дазволіць не толькі захаваць для будучых пакаленняў арыгінальны народны касцюм, але і істотна абагаціць гісторыяграфію Сенненскага раёна, бо станаўленне традыцыйнага адзен­ня неад’емна  звязана з гісторыяй рэгіёна і краіны ў цэлым, упэўнена Вольга Квашко. Гэтую высакародную місію майстры Дома рамёстваў ажыццяўляюць у цесным супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі культуры і адукацыі. Падчас  семінара Сяргей Мяцеліца ўручыў дыпломы партнёрам праекта: Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў, гісторыка-краязнаўчаму музею, раённаму  цэнтру культуры і народнай творчасці, дому рамёстваў. Таксама дыпломы атрымалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а па сумяшчальніцтве  захавальніца традыцый ткацтва Таццяна Пагарэльская і гаспадар  аграсядзібы  Мікалай Лапеха.

Вольга Бандарэвіч.

Здымкі аўтара

admin

Recent Posts

Выпускники инженерных классов могут поступить в вузы без экзаменов, но есть нюанс

Выпускники инженерных классов при определенных условиях могут поступить в вузы без экзаменов. О нюансах рассказал…

11 часов ago

В Беларуси заготовлено около 60% трав первого укоса

Аграрии республики провели первый укос трав на площади 825,6 тыс. га, что эквивалентно 59,7% от…

12 часов ago

Держать высокую планку в труде — это не понаслышке знает Тамара Макух из Сенно

Только добрым словом сегодня вспоминают Тамару Макух в Сенненском районном центре гигиены и эпидемиологии, которая…

13 часов ago

Более 10 лет занята в сфере здравоохранения помощник врача общей практики УЗ «Сенненская ЦРБ» Екатерина Белоножко

Более 10 лет занята в сфере здравоохранения помощник врача общей практики УЗ «Сенненская ЦРБ» Екатерина…

16 часов ago

Поздравление руководства Сенненского района с Днем медицинских работников

Уважаемые работники и ветераны здравоохранения! Примите самые теплые и сердечные поздравления с профессиональным праздником —…

16 часов ago

В Беларуси увеличилось количество ДТП с участием диких животных

В Беларуси увеличилось количество ДТП с участием косули, кабана и лани. Об этом рассказал в пресс-центре БЕЛТА…

1 день ago