Асаблівае месца ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі займаюць знаходкі з комплекса паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў Крывінскага тарфяніку
Пісьмовая гісторыя Беларусі доўжыцца крыху больш за тысячагоддзе. А што ж было на нашай зямлі раней? Калі яе ўпершыню засялілі людзі? Якія плямёны і народы тут жылі да нас, чым яны займаліся, як гаспадарылі? На гэтыя пытанні даюць адказы археолагі, якія 15 жніўня адзначылі сваё прафесійнае свята.
Археалогія — гістарычная дысцыпліна, якая вывучае мінулае чалавецтва па рэчавым крыніцам. А Дзень археолага — цудоўная нагода, каб зазірнуць у мінулае Сенненскага краю і даведацца, якія артэфакты хавае зямля крывічоў, утварыўшых першую на нашых землях дзяржаву — Полацкае княства. На берагах азёр, у лясах нашай мясцовасці былі выяўлены і даследаваны старадаўнія стаянкі, селішчы, гарадзішчы і могільнікі. Гэтыя помнікі мінуўшчыны — быццам летапісы.
Толькі старонкамі ў іх з’яўляецца не папера, а земляныя напластаванні, а ролю літар і слоў выконваюць знойдзеныя рэчы. Аднымі з тых, каму зямля можа расказаць свае таямніцы, з’яўляюцца профі, узброеныя лапатай і нівелірам. Узгадаем імёны тых навукоўцаў, якія ўнеслі свой уклад у археалагічнае вывучэнне Сенненшчыны: доктар гістарычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь П.Ф. Лысенка, доктар гістарычных навук Л.В. Аляксееў, гісторык і археолаг Е.Р. Раманаў, кандыдат гістарычных навук П.М. Падгурскі. У музеі захоўваецца не толькі інфармацыя аб даследаванні помнікаў, але і калекцыя прадметаў, якія Жизнь музейных запасников. Взгляд хранителя У любым музеі важнай складаючай музейнага збору з’яўляецца калекцыя прадметаў археалогіі, бо гэта — магутны сродак у папаўненні звестак аб развіцці рэгіёна і жыцці славянства ў цэлым. І ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць месца для многіх сведкаў падзей далёкага мінулага.
Прывітанне з мінулага адносяцца да розных археалагічных перыядаў: ад мезаліту (сярэдні перыяд каменнага веку, 9 — 5 тысячагоддзі да н.э.) да XVIII ст. Асаблівае месца ў музейнай калекцыі займаюць знаходкі з комплекса паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў Крывінскага тарфяніку, найбуйнейшага на тэрыторыі Беларусі па колькасці і разнастайнасці выяўленых арганічных артэфактаў.
Цікава, што гэтыя помнікі былі выяўлены выпадкова. У 30-я гады ХХ ст. падчас асушэння тарфяніку рабочыя звярнулі ўвагу на фрагменты гаршкоў у торфе. Аб знаходцы паведамілі ў секцыю археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР. Так была зафіксавана старажытная тарфянікавая стаянка. На сёняшні дзень у гэтым рэгіёне вядома 13 паселішчаў першабытнага чалавека. Даследчыкі Крывіна — археолагі П.А. Прыбыткін, Я.Г. Краскоўская, кандыдаты гістрычных навук Э.М. Зайкоўскі, У.В. Скарабагаты, М.М. Чарняўскі. З 1999 года экспедыцыя на Крывінскім тарфяніку працуе няспынна. Некалькі год узначальвае яе загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, пісьменнік і грамадскі дзеяч Максім Чарняўскі. У яго камандзе — выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі музеяў і, наогул, тыя, хто аднойчы закахаўся ў рамантыку археалагічных экспедыцый.
Падчас палявога сезона наведаліся да даследчыкаў і мы — аўтар артыкула і старэйшы навуковы супрацоўнік Уладзімір Гардзюк. Ідзём па пратаптаных сцежках, пад нагамі цёмная зямля — культурны слой. Перад вачыма як быццам раступаюцца зараслі, і ўяўленне малюе жыццё старажытнага пасялення. У гэты час удзельнікі экспедыцыі на абедзенным перапынку. Але неўзабаве гучнае «на раскоп!» збірае ўсіх на працу. Месца раскопак падзелена на квадраты: два на два метры. Слой здымаюць тонкімі гарызонтамі, у кожнага ўдзельніка экспедыцыі свая роля: хтосьці капае, хтосьці носіць зямлю, яе прасейваюць і перабіраюць, каб не прапусціць знаходкі.
Усе выяўленыя артэфакты замалёўваюць, адзначаюць на карце і акуратна спакоўваюць. І нельга не заўважыць агонь у вачах кожнага, хто выбраў паехаць у глухія лясы замест камфортнага адпачынку ў горадзе. Максім Міхайлавіч Чарняўскі за шмат гадоў не прапусціў ніводнага палявога сезону. Мы пагаварылі аб навуковых адкрыццях і палявых буднях, выбраным шляху ў прафесію (навукоўцы Чарняўскія — дынастыя гісторыкаў-археолагаў НАН Беларусі). Максім расказаў, что кожны дзень ён толькі на раскопе праходзіць па 25 тысяч крокаў і адказвае на столькі ж пытанняў: «А гэта што?».
Па яго словах, навічкі першыя пяць дзён носяць каменне, а на шосты — ужо рэчы. На наша пытанне «Што беларускія археолагі лічаць свёй галоўнай мэтай?» вучоны адказаў: «Кожнае новае адкрыццё робіць нашу гісторыю яшчэ больш блізкай і зразумелай, а беларускую зямлю — яшчэ больш дзівоснай. Безумоўна, кожны археолаг Беларусі марыць аб унікальных знаходках, якія перавернуць гісторыю нашай краіны, будуць запатрабаваны ў Беларусі і ва ўсім свеце». Дзякуй Максіму Чарняўскаму і нашым маладым сябрам за расказы і адказы на шматлікія пытанні, каштоўныя падарункі для музея — артэфакты з месца даследавання, якое мае статус помніка археалогіі і значыцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Мы шчыра віншуем з прафесійным святам сучасных навукоўцаў, якія кавалак за кавалкам збіраюць нашу гісторыю, нібы старажытную каштоўную вазу. Жадаем энтузіязму і веры ў новыя адкрыцці. Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца! Дзякуй за працу, цярпенне, кампетэнтнасць і вернасць сваёй любімай справе.
Браніслава ЖАЛТАБРУХАВА, галоўны захавальнік фондаў Сенненскага гісторыкакраязнаўчага музея.