Ідэя напісаць пісьма галоўным навагоднім персанажам розных краін узнікла ў Ганны Кацар, матулі дзяўчынкі, два гады назад. Ініцыятыву жонкі яе муж Дзмітрый падтрымаў. Усёй сям’ёй складалі пасланні. Пачаць вырашылі з айчыннага Дзядулі Мароза. Першыя лісты паляцелі ў Белавежскую пушчу, а заадно ў Вялікі Усцюг і на «Паўночны полюс» — вотчыны рускага і канадскага Дзядуль.
А сёлета пад ёлачкай Злату чакалі яркія канверты ўжо з пяці краін свету: Беларусі, Канады, Германіі, Аўстрыі, Расійскай Федэрацыі. На жаль, не ўсе допісы атрымалі зваротную сувязь. Так і не дачакаліся Кацары вестачкі з Вялікага Усцюга. Затое свае віншаванні маленькай сенненцы даслалі Кыш Бабай і Кар Кызы — Дзед Мароз і яго дачка з Татарстана.
Адрасы месцаў пражывання зімовых чараўнікоў, распавядае Ганна, шукалі ў Інтэрнэце. Пасланні стараліся пераводзіць на родныя мовы адрасатаў. Балазе, у сеціве існуе нямала праграм для анлайн-перакладаў. Прычым усе пісьмы пісаліся ад рукі.
— Падарункаў ад Дзядоў Марозаў мы не патрабавалі, папрасілі толькі, каб яны таксама даслалі нам у адказ лісты, — падкрэслівае мая суразмоўца.
Разам з ёй і маленькай Златай перабіраем стос рознакаляровых папер. Гэта прыгожыя, не падобныя адзін на аднаго пасланні пераадолелі тысячы кіламетраў і, нават, акіян. Аўстрыйскае ўяўляе сабой паштоўку. У канверце ад нямецкага Санты, акрамя пісьма, знайшлося месца і для падарунка — невялікай казцы і паштоўкі-размалёўкі. Дарэчы, гэту ідэю было нядрэнна узяць на заўвагу ўсім чараўнікам: укладанні мінімальныя, а дзіцяці — прыемна. А вось пасланне ад яшчэ аднаго ўлюбёнца нямецкай дзятвы — Нікалауса (ці па-нашаму святога Мікалая) хутчэй нагадвае ўлётку.
Лісты ад Дзядуляў Злата вельмі любіць слухаць замест казкі на ноч. Асабліва ў гэтым плане прыйшоўся даспадобы Кацарам адказ канадскага Санта-Клауса, у якім так яскрава апісваецца жыццё жыхароў чароўнай краіны на Паўночнай полюсе, што і дарослым не цяжка паверыць у яе існаванне. Дарэчы, тэксты пасланняў з году ў год не паўтараюцца.
Гледзячы на вынік і энтузіязм маёй суразмоўцы некаторыя сяброўкі Ганны таксама загарэліся яе задумкай. Праўда, пакуль абмежаваліся лістамі беларускаму Дзеду Марозу. Паштовыя паслугі патрабуюць часу і пэўных фінансавых выдаткаў. Але ўсё акупаецца адчуваннем цуду і радасці, калі атрымліваеш запаветны канверцік.
— Гэта незабыўныя эмоцыі! Мы, бацькі, нібыта самі вярнуліся ў дзяцінства. Пагадзіцеся, куды прыемней атрымаць пісьмо па пошце, чым зайсці на сайт Дзеда Мароза і раздрукаваць тэкст дома або замовіць яго за грошы, — запэўнівае Аня.
І з гэтым цяжка не пагадзіцца.
Ну а тым, хто зацікавіўся і таксама хоча атрымаць навагодняе прывітанне, Ганна раіць не чакаць снежня.
— Лета або пачатак восені – найлепшы час, каб напісаць ліст Дзеду Марозу! Бо адказ можа прыйсці ў лютым ці нават у маі.
А ў сям’і тым часам Кацар спадзяюцца атрымаць навагоднія пасланні з Фінляндыі, Францыі і Карэліі і плануюць пашыраць геаграфію пасланняў.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: Злата Кацар з лістамі ад Дзядоў Марозаў.
Фота аўтара.
В Сенненском районе идет заготовка кукурузы на силос. Одним из первых к ее уборке приступило…
Президент Беларуси Александр Лукашенко принял с докладом председателя Государственного таможенного комитета Владимира Орловского, передает корреспондент…
На контроле в Комитете государственного контроля Витебской области находится вопрос заготовки травяных кормов для отрасли…
Ежегодный традиционный легкоатлетический пробег памяти Героя Советского Союза, Героя Социалистического Труда, уроженца Сенненщины Петра Машерова,…
Беларусь принимает комплекс мер по обеспечению транспарентности и прозрачности совместных стратегических учений "Запад-2025". Об этом…