Запрашаў “Восеньскі кірмаш”
У дзіцячым садзе № 1 г.Сянно вядзецца мэтанакіраваная работа па далучэнні дзяцей да культурных каштоўнасцей сваёй краіны.
Патрыятычнае выхаванне прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці. Фальклорныя святы далучаюць дзяцей да беларускай культуры і традыцый. Вельмі падабаецца дзецям мерапрыемствы па матывах народных свят.
Так, з гэтай мэтай ва ўстанове адукацыі нядаўна прайшло фальклорнае свята “Восеньскі кірмаш”. Рыхтаваліся да яго не толькі педагогі, але і дзеці разам са сваімі бацькамі: майстравалі вырабы з садавіны і гародніны, лялькі з прыроднага матэрыялу, гатавалі розныя пачастункі.
Арганізатарамі мерапрыемства было прадумана ўсё да дробязяў. Галоўнымі героямі свята выступілі гаспадыня Восень, Лявон і Лявоніха. Асаблівую святочную атмасферу стварала ўпрыгожаная ў беларускім стылі музычная зала. Усе ўдзельнікі свята размаўлялі па-беларуску. Асабліва шчыра гучала родная мова з вуснаў дзетак. Хлопчыкі і дзяўчынкі выконвалі беларускія песні, чыталі вершы, танцавалі, спрабавалі свае сілы на народных інструментах. Малышоў запрашалі прыняць удзел у вясёлых беларускіх гульнях: “Гарлачык”, “Смачны хлеб”, “Бульба”.
Правядзенне “Восеньскага кірмашу” стала добрай традыцыяй нашага дзіцячага сада. Гэта яркае і запамінальнае мерапрыемства і ў гэты раз прайшло ў цёплай і сяброўскай атмасферы, пакінула прыемныя ўражанні і падарыла юным выхаванцам добры настрой.
Анастасія ТАНЕНЯ,
музычны кіраўнік дзіцячага сада №1.
