Бландынкі ці брунеткі — хто лепш?
Адказ на гэтае пытанне, якім спакон вякоў задаюцца мужчыны і, бадай, увесь свет, шукалі ў Сянне напярэдадні 8 Сакавіка. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшла конкурсна-забаўляльная праграма «Два адценні кахання», прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня. Мерапрыемства ў фармаце «бландынкі супраць брунетак» арганізуецца ў раёне другі год запар і ўжо прэтэндуе на тое, каб стаць такім жа пастаянным і чаканым як і «Супермужчына».
На раённай сцэне ў бітве сышліся каманды бялявых і чарнявых дзяўчат. Адзінаццаць прыгажунь прадстаўлялі самыя розныя сферы дзейнасці: культуру, сельскую гаспадарку, адукацыю… У ліку канкурсантак была і карэспандэнт раённай газеты, якая гуляла за каманду бялявых. Пахварэць за ўдзельніц прыйшлі не толькі іх родныя, сябры, але і цэлыя групы падтрымкі ад працоўных калектываў.
Першым з’яўленнем на сцэне ў дэфіле ў вячэрніх строях сенненкі прыкавалі да сябе позіркі гледачоў. Аднак знешні выгляд быў не адзіным крытэрыем ацэнкі выступлення канкурсантак для мужчынскага журы. У склад яго ўвайшлі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Паўлоўскі, начальнік РЭСа Сяргей Шыдлоўскі, першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Рогаў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мацуганаў.
Паказаць разумовыя здольнасці дзяўчатам давялося падчас інтэлектуальнага этапу, у якім удзельніцы адгадвалі загадкі вядучай мерапрыемства Юліі Шэхавай, дэманстравалі свае музычныя пазнанні ў віктарыне «Угадай мелодыю».
У конкурсе «Модны прысуд» сенненкі змаглі паспрабаваць сябе ў ролі дызайнераў і стылістаў, якім належала стварыць з двух адрэзаў тканіны і стужкі святочныя сукенкі.
Спаўна праявілі свой артыстызм дзяўчаты падчас «Хатняга задання». Галоўным лейтматывам дасціпных мініяцюр стаў пошук адзінага, моцнага і смелага выбранніка. Бландынкі сыпалі жартамі і дзяліліся карыснымі парадамі ад харызматычнай свацці, у ролі якой выступіла капітан светлавалосай каманды Вольга Берашэвіч. Іх саперніцы на чале з Таццянай Ермашкевіч пакаралі журы і гледачоў сваімі вакальнымі здольнасцямі.
Аб’яднаў жа ўсіх удзельніц конкурсу на адной сцэне заключны танцавальны батл, падчас якога дзяўчаты «зажигали» пад рок-н-рол.
У перапынках паміж этапамі гледачоў радавалі песнямі самадзейныя выканаўцы Раіса Усціновіч, Валерыя Берашэвіч, Уладзімір Купрэенка, Аляксандр Васілёнак.
Да фінішу каманды ішлі з пераменным поспехам. Аднак вынікам «бітвы» стала сяброўская нічыя. З нагоды жаночага свята і за ўдзел у конкурсе кожная яго ўдзельніца атрымала з рук члена журы Сяргея Шыдлоўскага і начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргея Мяцеліцы падарунак і дыплом.
Паставіць кропку ў гэтай вечнай барацьбе сёлета не ўдалося. А гэта значыць, што праз год нас чакае новая «бітва».
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Здымкі аўтара
Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Владимир Бабичев в здании Богушевского сельского исполнительного комитета…
Представители китайской компании King Рeng посетили Сенненщину. В рамках визита обсудили с представителями районной власти…
Супрацоўнікі культуры Сенненшчыны днямі наведалі шэраг музейных комплексаў Мінскай вобласці. Першай кропкай у патрыятычным маршруце…
Завтра, 17 июня, с 10.00 до 16.00 в Витебской области пройдет плановая техническая проверка системы…
У православных верующих сегодня начинается Петров пост. Пост установлен в честь святых апостолов, которые после…
В Беларуси заготовлено более 4 млн т сенажа, или 28,7% к плану, в том числе…