Сянно – сталіца байкераў і жывога року

Маляўнічасць сенненскіх краявідаў не пакідае раўнадушнымі нават такіх суровых людзей, як байкеры. Вось ужо другі год запар Сенненшчына становіцца сталіцай «Мотарэзервацыі». 

Пакуль калона матацыклістаў  ехала па галоўнай вуліцы горада,  на цэнтральнай плошчы ў чаканні незвычайных гасцей сабралася вялікая колькасць гараджан. На гасціннай сенненскай зямлі байкераў прывітальным словам сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, начальнік упраўлення па справах моладзі аблвыканкама Валерый Кунашка, ініцыятар і арганізатар акцыі,  байкер са стажам, Алег Усціновіч.   

 «Мотаўдар — 2012» байкеры нанеслі ў гонар танкавай бітвы пад Сянном. Буйнейшы за ўсю гісторыю другой сусветнай вайны бой адбыўся ў ліпені 1941 года. Шмат дзясяцігоддзяў ён замоўчваўся, бо  танкавая армада Чырвонай Арміі была разбіта меньшай колькасцю нямецкіх машын. Тым не менш, значэнне бітвы цяжка пераацаніць. Гэта было адно з першых контрнаступленняў савецкіх войск з пачатку вайны. Толькі ў адносна нядаўні час подзвіг танкістаў, якія самаахвярна абаранялі краіну, у тым ліку і наша Сянно, быў адзначаны і ўшанаваны. У памяць аб знакавай падзеі і яе ўдзельніках на Камсамольскай плошчы райцэнтра ўстанавілі  танк ІС-3. Да яго, а таксама да помніка воінам-вызваліцелям у цэнтральным парку ўдзельнікі «Мотаўдару-2012» усклалі вянкі.

 Пасля чаго сенненцаў чакала самая відовішчная частка дзейства. Майстэрства кіравання «жалезным канём» байкеры прадэманстравалі падчас конкурсаў  фігурнага ваджэння, катання бочак, пераносу  курынага яйка… У апошнім удзельнікам заезду патрабавалася давезці (ці данесці) ў цэласці і захаванасці сырое яйка на лыжцы, трымаючы яе ў зубах. Да гонару байкераў своеасаблівы «спартыўны снарад» толькі зрэдку аказваўся на асфальце. Складаней за ўсё для хуткасных байкаў было прадэманстраваць самую павольную язду.

 Пераможцы фінальных заездаў атрымалі ад упраўлення па справах  моладзі аблвыканкама падарункі. Адзін з іх, Аляксандр, па месцы жыхарства — масквіч. За рулём матацыкла хлопец гадоў 10. Прызнаецца, што ў Маскве лепшага транспарту для вулічнага руху не знайсці, хіба толькі мятро. А вось на  байкерства «захварэў» гады чатыры таму. На мотарэзервацыю Саша на сваім «Сузукі» прыехаў упершыню. Уражанні самыя лепшыя і ад Беларусі, і ад беларускіх дарог.

  Беларусь, Расія, Украіна — геаграфія байкерскага руху ўражвала. У цэлым, па словах арганізатараў фестывалю, на Сенненшчыну прыехала каля 100 мотааматараў. На працягу трох дзён улонні Бярозкаўскага возера былі абвешчаны тэрыторыяй  матацыклаў і жывога року. Самым захапляючым момантам байкерскага фестывалю стаў канцэрт вядомых рок-гуртоў Віцебшчыны.

 Праўда і тыя, хто не патрапіў на «Мотарэзервацыю», не засталіся без уражанняў. На плошчы райцэнтра для іх «зажигали» дзяўчаты з шоу-балета «Сенсацыя». Ну і, безумоўна, усе жадаючыя маглі не толькі сфатаграфавацца за рулём магутных «Кавасакі», «Ямаха», «Сузукі», «Хонда», «Харлі Дэвідсан» і інш., але і пракаціцца на іх з ветрыкам. «Страшныя звонку, але добрыя ўнутры» байкеры нікому не адмаўлялі ў гэтым задавальненні.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.