“Радыёхвілінцы” – 10!

Ідэя стварэння дзіцячага радыё нарадзілася прама ў цягніку, калі актывісты піянерскіх дружын раёна разам з Валянцінай Каржыцкай вярталіся з рэспубліканскага свята, прысвечанага 80-годдзю піянерскага руху. Сёлета праект радыёперадачы «Дзіцячая радыёхвілінка» адзначыў свой першы юбілей.

Дзесяць гадоў назад ініцыятыву дзяцей падтрымалі раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі райвыканкама і рэдакцыя раённай газеты і радыё. За час існавання «радыёхвілінкі» яе рэдакцыйным калектывам было падрыхтавана 116 інфармацыйных выпускаў.

 Даўно сталі дарослымі першыя дыктары дзіцячага радыё Вольга Кошкіна, Андрэй Макараў, Дзмітрый Кармазін, Кацярына Мяцеліца, Дзмітрый Суднік. На змену ім прыйшлі сённяшнія школьнікі Ілля Несцяронак, Ілья Грабнёў, Анастасія Несцяронак, Таццяна Глотава.

 Але, па-ранейшаму, кожны выпуск рыхтуецца старанна. У стварэнні дзіцячай радыёперадачы, якая стала папулярнай і ў дзяцей, і ў дарослых, прымаюць удзел юныя карэспандэнты, сцэнарысты, дыктары, педагогі, каардынатары праекта. Душой і ідэйным натхніцелем праекта застаецца дырэктар Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Віктараўна Каржыцкая.

 Асноўныя накірункі тэматыкі радыёперадач —»Я+Я», «Я і мая сям’я», «Я і мая школа», «Я і мой горад (вёска)», «Я і мая краіна», «Я і свет». Традыцыйна рыхтуюцца выпускі, прысвечаныя знамянальным датам і дзяржаўным святам.

 За гады рэалізацыі праекта стваральнікі «Дзіцячай радыёхвілінкі» дасягнулі пэўных вынікаў, былі заўважаны не толькі на раённым узроўні. Аб гэтым сведчаць дыпломы абласнога конкурсу дзіцяча-юнацкіх СМІ «Слова за намі!» і рэспубліканскага конкурсу дзіцячых і моладзевых сродкаў масавай інфармацыі «Перо аистёнка».

 Некаторым удзельнікам праекта перадача дапамагла вызначыць свой далейшы лёс: яны вучацца ў вышэйшых навучальных установах на факультэтах журналістыкі, аўдыавізуальных сродкаў масавай інфармацыі, філалагічным…

 Вопыт работы дзіцячага радыё быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў 2008 годзе ў Мінску. Дыктары «радыёхвілінкі» атрымалі прызнанне на раённай сцэне, у амплуа вядучых на піянерскіх злётах, фестывалі «Ранішняя зорка» і іншых мерапрыемствах.

 За плённую работу члены рэдакцыйнага калектыву радыёперадачы запрашаліся да ўдзелу ў форумным моладзевым руху краіны, заахвочваліся пуцёўкамі і паездкамі ў рэспубліканскія і абласныя лагеры дзіцячага актыву і на дабрачынныя навагоднія святы.

 Сёння праект дзіцячага радыё атрымаў свой працяг. Да ўдзелу ў ім далучаецца ўсё большая колькасць дзяцей і падлеткаў. На працягу двух мінулых навучальных гадоў рэдакцыйны калектыў  арганізаваў доўгатэрміновыя акцыі «На хвалях «Дзіцячай радыёхвілінкі» і «Салют, піянерыя!», удзел у якіх прынялі не толькі вучні гарадскіх школ, а і рабяты з сельскіх устаноў адукацыі.

 Апошнія ўзнагароды, якія атрымалі стваральнікі «Дзіцячай радыёхвілінкі» і асабіста яе кіраўнік, — Ганаровыя граматы абласнога аб’яднання дзяцей і падлеткаў. А зусім нядаўна «радыёхвілінка» ўзнагароджана Ганаровай граматай Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

 Кіраўнік праекта Валянціна Каржыцкая ўпэўнена: «Інфармацыйныя выпускі «радыёхвілінкі» садзейнічаюць як асобаснаму развіццю падлеткаў (праз іх удзел у сацыяльна-актыўнай форме работы), так і эфектыўнаму развіццю ўзаемадзеяння вучняў школ і ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзіцячае радыё ўносіць значны ўклад у фарміраванне грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі дзяцей і падлеткаў».

 Таццяна Буракова.

На здымку: дыктары «Дзіцячай радыёхвілінкі» з  кіраўніком праекта Валянцінай Каржыцкай.