Калі райспажыўтаварыства не прыйдзе ў вёску, туды прыйдзе “Еўраопт”

247 сельскіх населеных пунктаў раёна (больш за 4,5 тысячы чалавек) абслугоўваюцца аўтамагазінамі раённага спажывецкага таварыства. Таму пра патрэбнасць гэтай формы гандлёвага абслугоўвання спрачацца не даводзіцца. Без паслуг аўталавак у вёсках, дзе няма магазінаў, не абысціся.

 Аднак нярэдка даводзіцца чуць нараканні на гэтыя перасоўныя крамы. Асноўныя прэтэнзіі вяскоўцаў да аўталавак: пратэрмінаваныя прадукты, небагаты асартымент (асабліва ў канцы маршрута), аблікі. Нядаўна супрацоўніку рэдакцыі паскардзіліся жыхары вёскі Чуцькі: малочныя тавары прывозяць пратэрмінаваныя; рыбу пасля размарозкі прыйшлося аддаць сабаку; папрасілі сенненскай каўбасы, у адказ пачулі — яе разбіраюць у горадзе…

 Не адмаўляе недахопы ў рабоце раз’язных гандлёвых кропак і кіраўніцтва райспажыўтаварыства. «Шмат заўваг ад насельніцтва паступае ў адрас работы аўтамагазінаў… Неабходна даўкамплектаваць аўтамагазіны, перагледзець схемы абслугоўвання населеных пунктаў, каб усе былі ахоплены перыядычнасцю завозу тавараў не менш за 3 разы ў тыдзень (згодна з апошнімі патрабаваннямі), зрабіць рэкламнае афармленне» (цытата са справаздачна-выбарнага сходу ўпаўнаважаных Сенненскага райспажыўтаварыства, які прайшоў у пачатку года). Звяртаў увагу гандлёвых работнікаў на няякаснае абслугоўванне ў аўтамагазінах і старшыня раённага выканаўчага камітэта.

  Якое выйсце з гэтай сумнай сітуацыі? Ёсць думка, што трэба арганізаваць работу аўталавак цэнтралізавана, не «прывязваць» іх да магазінаў, а забяспечваць таварамі з асобнага склада. Тады і прадавец будзе пастаянны, і пракантраляваць работу (напрыклад, якасць тавараў) будзе лягчэй, ды і магазін на колах змог бы часцей  наведвацца ў вёскі.

 Аднак, у гэтага «медаля», як лічаць у спажыўтаварыстве, ёсць і адваротны бок. Дзе знайсці прадаўцоў, якія пагадзяцца ледзь не кожны дзень працаваць, лічы на дварэ, у мароз ці ў спёку? Да таго ж, трэба будаваць ці нейкім чынам абсталёўваць асобны склад. І яшчэ далёка не факт, што асартымент тавараў з гэтага склада будзе больш разнастайным, чым з магазіна, адкуль можна ўзяць і нешта з тавараў, якія не ўваходзяць у абавязковы пералік.

 Як бачым, пытанняў атрымліваецца больш, чым адказаў на іх.

 На што ж спадзявацца вяскоўцу? Напэўна, толькі на «Еўраопт», які, як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, прымае ўжо захады, каб накіраваць свае аўтамагазіны ў вёску?

 З чым жа тады застанецца мясцовы гандаль? Шэсцьдзесят пяць мільёнаў рублёў, якія дае сярэднямесячны абарот аднаго ўкамплектаванага ўсім неабходным тэхналагічным абсталяваннем аўтамагазіна (інфармацыя са справаздачнага сходу), на дарозе не валяюцца.     

  Таццяна Буракова.

 

P.S. Падрабязнасці ў “Голасе Сенненшчыны” №48 за 19 чэрвеня 2012 года.