Сенненскіх школьнікаў сабраў турзлёт

Штогод у пачатку чэрвеня раённы турыстычны злёт школьнікаў збірае навучэнцаў са школ раёна.

 Сёлета аматары турызму сабраліся паблі­зу вёскі Навасёлкі, каб паспаборнічаць не толькі ў турыстычна-прыкладным мнагаборстве і спартыўным арыентаванні, але і ў вя­дзенні турысцкага быту, афармленні газет, прадстаўленні каманды, ацаніць свае сілы ў краязнаўстве.

 На турзлёт прыехалі 140 дзяўчынак і хлопчыкаў з дванаццаці ўстаноў адукацыі раёна.

 Тры дні спаборніцтваў праляцелі як адно імгненне. Нават капрызнае надвор’е не зламіла бадзёры дух і імкненне да перамогі юных турыстаў. Саперніцтва праходзіла ў двух узроставых групах. У сярэдняй групе першае месца занялі бывалыя турысты з Багданаўскай школы. Другое месца — у рабят з СШ №1 г.Сянно, трэцяе — за навучэнцамі Какоўчынскай школы. У старэйшай групе першае месца заваявала каманда Беліцкай школы (адстойвала гонар раёна на абластным турысцкім злёце). Другое месца — у каманды Яноўскай школы, трэцяе — Сенненскай школы-інтэрнат.

 Дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі ўстанова аховы здароўя «Сенненская ЦРБ» і  Машканскае лясніцтва ДЛГУ «Віцебскі лясгас».

Ірына ГРАБНЁВА,

метадыст вучэбна-метадычнага кабінета

аддзела адукацыі райвыканкама.