Лепшыя кветнікі – у Горных Ходцах
Першы летні месяц для жыхароў населенага пункта Горныя Ходцы, што ў Ходцаўскім сельсавеце, азнаменаваўся святам іх роднай вёскі.
Да яго ўсюды быў наведзены парадак, і вёска сустракала ўдзельнікаў мерапрыемства па-святочнаму чыстай і прыбранай. Гулянні разгарнуліся ля аднаго з самых узорных уладанняў, што належаць Віктару Паражынскаму. На іх сабралася большасць месцічаў. Усяго ў Горных Ходцах пражывае 62 чалавекі. Імёны самых руплівых горнаходцаўцаў не забыліся ўзгадаць.
Арганізатары свята падрыхтавалі конкурсы на любы густ. Кветкаводы-аматары выбіралі «Лепшы квятнік». А там дзе духмяныя кветкі, там і смачны мёд, упэўнены ўдзельнікі конкурсу «Лепшы пчаляр». Не засталіся ўбаку і браты нашы меншыя. На вясковых падворках знайшлася здаровая канкурэнцыя ў намінацыях «Певень-будзільнік», «Лепшы сабачы брэх і будка», «Вясковы прыгажун». Мясцовыя кулінары гатавалі «Лепшы пірог». Акрамя апошніх, на выставе народнай кухні было багата прадстаўлена рознай смакаты. Усё аздаблялі вышыванкі народнай майстрыхі Надзеі Ліванскай.
Пераможцы ў намінацыях вызначыліся напрыканцы свята.
А вось дыпломам за «Лепшы кветнік» узнагароджана ўся вёска і гэта сведчанне таму, што добраўпарадкаванне тут на першым месцы. Да слова, кіраўніцтва выканкама сельскага Савета дэпутатаў паабяцала адзначыць працу вяскоўцаў. Фасады дамоў самых адметных гаспадароў упрыгожаць шыльды «Прыгожы падворак», «Лепшы майстар» і г.д.
Шчыра дзякавалі жыхары Горных Ходцаў і пявунням з вакальнага гурта «Весялуха» Ходцаўскага дома культуры, якія арганізавалі і правялі вясковае свята, падаравалі вяскоўцам нямала цёплых слоў, добрых песен і выдатны радасны настрой.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: пераможца ў намінацыі «Вясковы прыгажун» кот Мальвін разам з гаспадыняй Наталляй Леўчанка.
P.S. Падрабязнасці чытайце ў “ГС” №47, 16 чэрвеня 2012 года.