Возера Сенненскае выратуе абводны канал

Прыбраць смецце вакол вадаёма, дорогі — гэта яшчэ далёка не ўсе меры, якія трэба прыняць, каб на Сенненшчыне была добрая экалогія. Спецыялістамі падлічана, што за мінулы год па раёне сабрана 31417,46 м куб. смецця. Лічба немалая…

 У раёне існуе праблема забруджвання вадаёмаў арганічнымі, хімічнымі адходамі. У цяперашні час ачышчальныя збудаванні прымаюць 2000 м.куб у суткі, а аб’ёмы сцёкаў у сувязі з будоўляй жылля растуць. Даныя лабараторных аналізаў сведчаць аб няўстойлівай рабоце ачышчальных збудаванняў. Штогод Сенненскае РУП ЖКГ плаціць павышаны падатак за скідванне сцёкаў звышнарматыўнай забруджанасці. Разам з тым Сенненскае і Багданаўскае азёры, якія злучаны пратокай, прымаючы сцёкі, падвяргаюцца забруджванню. Па даных лабараторыі возеразнаўства Белдзяржуніверсітэта, мінералі­зацыя складае 332,64 мг на дм куб. Паказчык празрыстасці вады стаў нізкім і складае 1,2 м, колернасць вады — 60 градусаў, у наяўнасці высокае ўтрыманне біягенных элементаў. У маі бягучага года Міжраённы лабараторна-аналітычны кантроль (МЛАК) г.Оршы праводзіў абследаванне Сенненскага возера і пацвердзіў: празрыстасць вады ў асобных месцах пагоршылася. У выніку, азёры па якасці вады адносяцца да забруджаных, з’яўляюцца малапраточнымі, вынасу арганічных і мінеральных рэчываў практычна няма, абнаўленне чыстай вадой нязначнае. У сувязі з гэтым адбываецца актыўнае зарастанне азёр, іх дэградацыя, развіццё мікрафлоры.

Разглядаючы праблему забруджвання сцёкавымі водамі Сенненскага і Багданаўскага азёр, у райвыканкаме было прынята рашэнне выканаць работы, якія дазволяць перакідваць сцёкі з ачышчальных збудаванняў Сенненскага РУП ЖКГ у абход азёр па ўжо існуючых меліярацыйных каналах у раку Крывінка.

Больш падрабязна пра гэта мы распыталі ў галоўнага спецыяліста Сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерыя МАКАРЭВІЧА.

P.S. Інтэрвью чытайце ў “ГС” №47 за 16 чэрвеня 2012 года.