Пракуратура Сенненскага раёна: забруджванне водных рэсурсаў застаецца адной з галоўных праблем рэгіёна і павінны ў гэтым жывёлаводчыя комплексы і фермы
Сёлета пракуратурай раёна сумесна з Віцебскай абласной інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету праведзена абследаванне водаахоўных зон і прыбярэжных палос. Выяўлена, што пагрозу забруджвання азёр, рэк стварае вытворчая дзейнасць акцыянерных таварыстваў «Сенненскі райаграсэрвіс», «Сінягорскае», «Ульянавічы», «Белая Ліпа», фактычна ўсе суб’екты гаспадарання, дзейнасць якіх суаднеслі з Водным кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Каля фермы «Сукрэмна» райаграсервіса ў водаахоўнай і санітарна-ахоўнай зонах выяўлены несанкцыянаваны жывёльны могільнік. Рэшткі, унутраныя органы буйной рагатай жывёлы раскіданы каля ручая, які ўпадае ў возера Крыльцова. Яшчэ адна ферма ААТ «Сенненскі райаграсервіс» МТФ «Турава» пагражае забруджваннем буйнейшаму ў раёне вадаёму — возеру Сенненскае, на берагах якога абсталяваны гарадскія пляжы.
Вытворчы аб’ект знаходзіцца ў водаахоўнай зоне. У час інтэнсіўных дажджоў вадкія фракцыі гною трапляюць у вадаём. У дадатак да гэтага водаахоўная зона на тэрыторыі фермы забруджана бытавым смеццем, рэшткамі здохлай жывёлы.
Вакол фермы насыпаны вал зямлі, які павінен спыняць патокі экалагічнага бруду. На жаль, выкананы ён няякасна і свае функцыі — у гэтым эколагі і работнікі пракуратуры не сумняваюцца — не выконвае.
Падобныя парушэнні Воднага кодэкса выяўлены таксама на фермах «Бор» ААТ «Сінягорскае», «Ульянавічы» ААТ «Ульянавічы», «Белая Ліпа» ААТ «Белая Ліпа». З той толькі розніцай, што забруджваюцца іншыя вадаёмы: возера Бярозаўскае, рэкі Бярозка і Свячанка.
У час праверкі выяўлены і іншыя парушэнні Воднага кодэкса, у прыватнасці, патрабаванні заканадаўства аб ахове і выкарыстанні вод. У адпаведнасці з арт.24 дазвол на спецыяльнае карыстанне вадой суб’ектам вытворчасці выдаецца часова. У КУСГП імя Гараўца ён скончыўся яшчэ 26 чэрвеня 2002 года, новы дазвол не атрыманы да гэтага часу. У той час як прадпрыемства не спыняла выкарыстанне вады ў вытворчых мэтах. Аналагічнае парушэнне выяўлена ў КУСГП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Тэрмін дазволу на спецкарыстанне вадой скончыўся ў прадпрыемства 29 сакавіка 2005 года.
У сувязі з выяўленымі парушэннямі прыродаахоўнага заканадаўства пракуратура раёна даслала ў райвыканкам прадстаўленне, у якім прапанавала разгледзець дакумент, прыняць меры, накіраваныя на ўхіленне і недапушчэнне ў будучым парушэнняў, вырашыць пытанне аб дысцыплінарнай адказнасці кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, дзе ігнаруецца прыродаахоўнае заканадаўства.
Меры ўздзеяння выкарыстала і Віцебская абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. На пасадавыя асобы ААТ «Белая Ліпа», «Сенненскі райаграсэрвіс», «Сінягорскае», «Ульянавічы» складзены пратаколы, якія дазволілі прыцягнуць да адказнасці галоўных заатэхнікаў і кіраўнікоў вытворчых аб’ектаў да адміністрацыйнай адказнасці згодна з ч.2 арт.15.51 КаАП у выглядзе штрафу ў памеры ад 100 тыс. да 500 тыс. рублёў.
Кацярына АЗАРУШКІНА,
намеснік пракурора
Сенненскага раёна.
Аляксандр Лазюк,
супрацоўнік райгазеты.