Што не падзялілі меліяратары і бабры ў Сенненскім раёне
Бабры, як інжынеры, канструююць плаціны, майструючы іх па плыні ніжэй бабровага гарадка са ствалоў дрэў, галінак і сухога галля, замацаваных глінай і глеем. Бывае, што каркасам хатак з’яўляецца зваленае ў рэчку дрэва ( дрэва дыяметрам 8 сантыметраў бабёр валіць за пяць хвілін!). Плаціна лёгка вытрымлівае вагу чалавека.
Збудаваныя плаціны і запруды нярэдка аказваюць станоўчае ўздзеянне на вадаёмы: ачышчаецца вада, змяншаецца мутнасць, на дне затрымліваецца глей, пасяляюцца малюскі і вадзяныя насякомыя, ствараючы добрыя ўмовы для размнажэння, нагулу некаторых відаў рыб. Паваленыя бабрамі дрэвы — гэта кармушкі для зайцоў, капытных, якія абгрызаюць кару са ствалоў і галін дрэў…
Але ў шматлікіх выпадках, такія плюсы малапрыкметныя на фоне шкоды, якую робяць бабры. З-за вялікай колькасці зваленых дрэў, пабудаваных плацін узровень вады ў рэках павышаецца, што выводзіць са строю дрэнажныя сістэмы, у выніку чаго аказваюцца падтопленымі сельгасугоддзі, тэрыторыя забалачваецца. Сельскагаспадарчыя і меліярацыйныя прадпрыемствы нясуць значныя страты.
На канец мінулага года агульная колькасць асобін баброў у Сенненскім раёне складала каля тысячы. А гэта нямала, таму частку іх стараюцца адлоўліваць і перасяляць у іншыя, больш падыходзячыя, месцы. Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дае арандатарам паляўнічых угоддзяў, а іх у раёне пяць, спецыяльны дазвол і вызначае пэўны ліміт на здабычу звяркоў.
На сённяшні дзень у Беларусі ні адна дзяржаўная структура не займаецца апрацоўкай бобровага меху, яго струмені і мяса. Ды і мода на шапку ці каўнер з бабра сёння попытам не карыстаецца. Калі за мяжой мяса бабра лічыцца далікатэсам, а мех і струмень каштуе вялікія грошы, у нас часцей за ўсё іх могуць проста выкінуць. Таму здабываць нашым паляўнічым жывёлу не выгадна, бо кампенсаваць затраты на ліцэнзію, здабычу, пярвічную перапрацоўку трэба яшчэ пастарацца.
Ірына ГАРБАЧОВА.
P.S. Падрабязнасці чытайце ў “ГС” №47, 16 чэрвеня 2012 года.