Качаняты просяць дапамогі

Штучны вадаём, што знаходзіцца паміж вытворчым цэхам «Сенненскі» і райгазам, некалькі гадоў назад аблюбавала пара дзікіх качак: прылятаюць сюды, калі яшчэ не растане лёд. Потым самка садзіцца на яйкі.

Напэўна, давяраюць лю­дзям птушкі, адчуваюць сябе, ледзь не пасярод горада, у бяспецы. Хаця, аднойчы на качку, якая кожны дзень прылятае да мосціка (на здымку) пачысціць крыльцы (падабаецца ёй, напэўна, як шуміць вада, сцякаючы ў ёміс­тасць, ўстаноўленую на гэтым месцы), быў замах з боку падпіўшай кампаніі. На жаль, такія «вясёлыя» кампаніі часта збіраюцца на беразе сажалкі адпачыць у засені дрэў. А потым навакольныя жыхары, якія прывыклі падтрымліваць парадак вакол свайго жытла, убіраюць «сляды» знаходжання такіх адпачываючых.

 Гэта рэаліі жыцця чалавечага. Але і ў жыцці птуш­кі ёсць  праблемы: не дажываюць качаняты да сталага ўзросту.  Прыводзіць сваіх дзетак мамачка да ўпадабанага ёю мосціка. А яны, яшчэ маленькія і слабыя, не могуць супраціўляцца вадзе. Стру­мені змываюць птушанятак уніз, і трапляюць небаракі ў канаву, з якой злучана сажалка.

 Тады на піск бездапаможных істот спяшаецца жыхарка бліжэйшага дома Надзея Шарэнда (яна і расказала гэту гісторыю) і кошыкам вычэрпвае качанят. Але маці-качка зноў і зноў прыводзіць дзетак у небяспечнае месца. Кожны раз ратаваць іх, вядома ж, няма магчымасці. Таму качынага патомства выжывае мала. Летась, напрыклад, з дванаццаці засталося толькі два качаняці.

 Каб неяк дапамагчы братам нашым меншым, аўтар гэтых радкоў патэлефанавала ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзе параілі за практычнай дапамогай звярнуцца да дырэктара вытворчага цэха «Сенненскі» Аляксея Лавіцкага. Аляксей Міхайлавіч паабяцаў устанавіць сетку, што  ўратуе качанят, якіх качка вось-вось пачне выводзіць «у свет».

 Таццяна Буракова.