“Багушэўскі фальварак” – тры ў адным

У Багушэўску перарэзалі чырвоную стужку самага вялікага магазіна ў гарпасёлкуі. Аляксандр Озер, мясцовы прадпрымальнік, пабудаваў у цэнтры мястэчка гандлёвую кропку  плошчай больш за 100 м2. У ёй змясцілася  тры гандлёвыя залы: для рэалізацыі прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў і кафетэрый.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічала шмат багушэўцаў, а таксама прадстаўнікі раённай і пасялковай  улад — Ганна Якаўлева, намеснік старшыні райвыканкама, і Любоў Трубека, старшыня выканкама пасялковага Савета дэпутатаў.  «Я ўдзячны за падтрымку не толькі мясцовым уладам. Сёння ў магазіне працуе калектыў прадаўцоў-прафесіяналаў. Гандаль стаў нашым сямейным бізнесам. Так што ў магазін укладзены не толькі грошы. У ім рэалізавана наша жыццёвая ідэалогія — рабіць прыгожа, якасна, з карысцю для сябе і людзей», — шчыра выказаўся Аляксандр Озер.

 Магазін «Багушэўскі фальварак» — другая ў пасёлку крама, пабудаваная на сродкі прыватных прадпрымальнікаў. У багушэўцаў ёсць іншыя цікавыя інвестпраекты. Як адзначыла Ганна Якаўлева, жыхары пасёлка і навакольных вёсак вызначаюцца прадпрымальнасцю і ініцыятывай, што, у рэшце рэшт, і дапамагае ім рэалізоўваць цікавыя эканамічна абгрунтаваныя праекты.

 Аляксандр ЛАЗЮК.