На конкурс прыпевак “Эх, сенненцы!” Граматычныя прыпеўкі пра Сянно, каб напомніць, як скланяецца яно

Віктар Астапенка — даўні і надзейны сябра нашага выдання: чытач газеты, аўтар публікацый, вершаў. А галоўнае — неабыякавы чалавек ва ўсіх гэтых іпастасях.

 Пасля аб’яўлення конкурсу прыпевак мы папрасілі Віктара Іванавіча прыняць удзел у ім і атрымалі … адмову. Але неканчатковую. Нядаўна Віктар Астапенка даслаў у рэдакцыю падборку прыпевак. Перш чым пазнаёміцца з імі, прапануем пачытаць аўтарскую прадмову.

 — Мэта  стварэння прыпевак — праслаўленне нашага горада і напамін пра тое, што яго назва скланяецца.

 Мяне здзіўляе, што рэцыдывы ўжывання назвы выключна ў назоўным склоне ўсё яшчэ даюць пра сябе ведаць, хоць пасля выхаду ў свет кнігі «Памяць» мне здавалася староннікам «нескланяльнага Сянна» трэба было перагледзець свае падыходы. Апошняя іх надзея — спасылка на тое, што геаграфічныя назвы з канчаткам  на -о не скланяюцца. Але ж у «Граматыцы» ёсць агаворка: гэта правіла датычыцца толькі слоў іншамоўнага паходжання.

 Этымолагі даўно прыйшлі да высновы, што  «Сянно» паходзіць ад слова «сена». Якое тут «іншамоўнае паходжанне»?

 Магчыма, нехта стане пярэчыць: па-беларуску так гаварыць і пісаць дапушчальна, а вось па-руску… А што па-руску? Расіяне пры неабходнасці  скажуць «под БородинОМ». А чым наша Сянно адрозніваецца? Чаму такі здзек «над Сянном»? Чаму назву хочуць бачыць закамянелай, мёртвай?.. Спрабую зразумець. Пакуль што не атрымліваецца.

 Мае прыпеўкі — шэсць куплетаў з адным і тым жа словам у канцы — Сянно ў  шасці склонах: назоўным, родным, давальным, вінавальным, творным і месным.

Птушкі дзе пяюць бясконца,

Пожням краю не відно,

Там красуецца пад сонцам

Старажытнае СЯННО.

І мужчыны, і жанчыны

Добра ведаюць здаўна,

Што найлепшы адпачынак

На Сінаях ля СЯННА.

Бандарэвіч лоўка можа

Расказаць пра даўніну,

І цікава падарожжа

Ён праводзіць па СЯННУ.

Падмятаем вулкі чыста,

Кветкі садзім заадно,

Хай замежныя турысты

Валам валяць у СЯННО.

Тут знаёмыя мне межы,

Тут утульны родны дом

І стрыжы, што неба рэжуць

У палёце над СЯННОМ.

Той, хто родны кут пакіне,

Смутку горкага глыне.

Жыць хачу я не ў Пекіне,

Не ў Берліне, а ў СЯННЕ.