У Багушэўскім лясгасе правялі “чэмпіянат свету” сярод лесарубаў

Самыя спрактыкаваныя вальшчыкі лесу працуюць у Какоўчынскім лясніцтве.

 Яны гэта даказалі на конкурсе, які быў арганізаваны Багушэўскім лясгасам па Правілах чэмпіянату свету сярод лесарубаў, распрацаваных міжнароднай асацыяцыяй гэтых спаборніцтваў. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі ўсіх лясніцтваў. А вось лепшыя прафесійныя навыкі ў спаборніцтвах прадэманстравалі Анатоль Цярэшчанка, валь­шчык лесу Какоўчынскага лясніцтва, які заняў першае месца, і Леанід Дуранкоў, ляснік гэтага ж лясніцтва. Трэці вынік паказаў Андрэй Радкевіч, які працуе вальшчыкам ва Ульянавіцкім лясніцтве.

 Лепшы вальшчык лесу Багушэўскага лясгаса працуе па спецыяльнасці ўсяго 6 гадоў. Тым не менш ён ужо асвоіў скандынаўскі метад валкі лесу, які дазваляе працаваць без напарніка, дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў. Анатоль не раз удзельнічаў і перамагаў, праўда, як юніёр, у абласных прафесі­йных конкурсах.  Ён не хавае, што гэта сапраўды мужчынская спецыяльнасць прывабіла яго ў першую чаргу магчымасцю добра зарабляць. Хоць работа ў лесе фізічна цяжкая ў любую пару года. Так, на работу работнікаў лясгаса звычайна возяць на аўтамабілі, а вось Цярэшчанка на працу дабіраецца на кані, а бывае і пешшу, ці на веласіпедзе.  Пілу, начынне да яе ў лесе не кінеш. Кожны раз іх трэба забіраць з сабой, дастаўляць да месца працы.

 «Добра зарабіць можна і на нашых прафесійных конкурсах. Лепшы вальшчык Міністэрства штогод атрымоўвае ў якасці прыза міні-трактар. На абласных конкурсах у якасці прызоў выступае складаная бытавая тэхніка», — расказвае Таццяна Шугальская.

 За іх і пазмагаецца Анатоль Цярэшчанка ў абласным конкурсе вальшчыкаў лесу.

Л. ІЎЕЎ.

 НА ЗДЫМКАХ: ланцуг на піле можна замяніць за секунды; лепшыя вальшчыкі дрэў Анатоль Цярэ­шчанка, Леанід Дуранкоў.

P.S.  Падрабязнасці ў «ГС» №45 за 9 чэрвеня 2012 года