Журналісты “раёнкі” будуць служыць з сенненскімі прызыўнікамі
Каля пяцідзесяці прызыўнікоў з Сенненшчыны папоўнілі сёлета шэрагі беларускага войска.
Разам з роднымі навабранца Арцёма Ладзіка мы будзем сачыць за яго службай ў 103-й асобнай мабільнай брыгадзе г.Віцебска, дзе прызыўнік зараз праходзіць курс маладога байца.
— Дабрата і адказнасць сына, напэўна, — галоўныя рысы яго характару. У дзяцінстве Арцём наведваў розныя гурткі, асабліва яму падабалася разьба па дрэве. Атрымаўшы спецыяльнасць муляра-будаўніка, вадзіцельскае пасведчанне, паступіў завочна ў вышэйшую навучальную ўстанову. Здаў некалькі сесій і… атрымаў павестку, а разам з ёй і адтэрміноўку ад вучобы на паўтара года. Дома ён — сапраўдны гаспадар, — расказвае маці Арцёма.
Канешне, для любой маці, сын якой служыць Радзіме, гонар. Святлана ведае, што «школа мужнасці» будзе нялёгкай, таму хвалюецца за Арцёма. Але сын з разуменнем і ахвотай ідзе служыць.
— Я буду дэсантнікам, чаму рады, бо вельмі хацелася патрапіць у паветрана-дэсантныя элітныя войскі. там служыць шмат маіх сяброў, — кажа перад адпраўленнем аўтобуса Арцём.
Мы з ім прызначылі спатканне, бо ў хуткім часе Арцём будзе прымаць ваенную прысягу, на якую паспрабуе прыехаць і карэспандэнт «раёнкі», каб пераканацца, што ў салдата ўсё добра і ён пачэсна выконвае свой грамадзянскі абавязак.
Ірына ГАРБАЧОВА.
НА ЗДЫМКУ: Момант развітання Арцёма з маці.