У Нямойтаўскай школе Сенненскага раёна выбіралі лепшага дэкламатара вершаў

“Голасам душы і сэрца” – пад такой назвай у Нямойтаўскай ДССШ  прайшоў конкурс-свята на лепшага чытальніка вершаў, прысвечаны Году кнігі.  У конкурсе прымалі ўдзел вучні  1-11 класаў, якія чыталі вершы Н. Гілевіча, Ю. Свіркі, П.Броўкі, М. Танка, Ф. Багушэвіча, Я. Янішчыц, А. Вярцінскага і іншых паэтаў беларускай літаратуры.

  Напачатку быў зроблены кароткі агляд жыццёвага і творчага шляху паэтаў, расказана пра асноўныя мастацкія вобразы, паказаны адметныя рысы і характэрныя асаблівасці беларускай паэзіі, яе значэнне ў жыцці чалавека. . Таксама была прадстаўлена  выстава  зборнікаў паэтаў  Беларусі.

 Журы ацэньвала выступленні вучняў па такіх крытэрыях, як артыстызм, ступень эмацыянальнага ўздзеяння, выразнасць чытання. Пераможцы  вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях. Лепшымі чытальнікамі журы прызнала  Аляксея Махрова (2 клас),  Карыну Курс  (3 клас), Алену Кудзян (6 клас), Анастасію Сіднёву (7 клас), Ганну Пяткевіч (9 клас) і Кацярыну Гарадзецкую (11 клас). Вучні былі ўзнагароджаны граматамі і заахвочаны выдатнымі адзнакамі.

 Ганна ПЯТКЕВІЧ,

 вучаніца 9 класа Нямойтаўскай ДССШ.