Сенненскае ДРБУ-146 самае “камфортнае” сярод дарожных службаў вобласці.

Пасля пыльнай працы ў кар’еры — папарыцца ў лазні; пасля доўгай экспедыцыі за рулём —размяць цела ў спортзале. Такія і некаторыя іншыя выгоды прадастаўляе сваім работнікам ДРБУ-146. Прадпрыемства лічыцца адным з лепшых сярод філіялаў КУП «Віцебскаблдарбуд» па стварэнні ўмоў для працы і адпачынку. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі раённага семінара-вучобы.

Кадравае пытанне стала адным з галоўных, з узнятых на сустрэчы ідэалагічнага актыву раёна. Складаная эканамічная сітуацыя «паспрыяла» выбыццю працоўнай сілы з раёна. Звальненні закранулі і ДРБУ. Прадпрыемства страціла 16 работнікаў і цяпер налічвае 84 чалавекі.

Заработная плата — вось той рэальны стымул, што дапаможа захаваць калектыў і прыцягне талковых спецыялістаў. Яе рост — гэта найважнейшы прагнозны паказчык, які сёлета належыць выканаць. Пакуль што высокай зарплатай ДРБУ пахваліцца не можа: сярэдняя складае каля 1 мільёна 600 тысяч рублёў. Тым не менш, прадпрыемства шукае спосабы зарабляць «жывыя» грошы. Нядаўна сенненцамі выйграны тэндар на паўтара мільярда рублёў. Прадукцыя, у прыватнасці, асфальтабетонныя сумесі,  і паслугі нашых дарожнікаў добра зарэкамендавалі сябе ў вобласці. За якасцю сенненцы сочаць пільна, як, дарэчы, і за ўмовамі працы работнікаў.

Ідэолагі пабывалі на асфальтабетонным заводзе «Оўсішча», дзе азнаёміліся з санітарна-бытавымі ўмовамі. «Агранку» гэтаму «брыльянту» вытворчасці (як назваў АБЗ кіраўнік ДРБУ Дзмітрый Аленчанка) зрабілі годную. Уся тэрыторыя заасфальтаваная, бытавы будынак і памяшканні адрамантаваныя пад «еўра». Ёсць усё і для працы — лабараторыі; і для адпачынку: кухня, душавыя, лазня (яе цяпло ўдзельнікі семінара яшчэ паспелі адчуць). Падобны «комплексна-бытавы пункт» хутка з’явіцца на тэрыторыі ДРБУ. Там ужо ёсць трэнажорная зала, санітарныя пакоі. Да іх далучацца кухня і гасцёўня. Непадалёк распачалося будаўніцтва новай дыспетчарскай. Усё робіцца ўласнымі сіламі.  Утульная альтанка, кветнікі, фантан, што аздабляюць тэрыторыю, — таксама справа рук саміх супрацоўнікаў.

Адміністрацыйны будынак, бадай, мае самы непрывабны выгляд. «У першую чаргу для людзей!» — менавіта такую ўстаноўку даў сабе Дзмітрый Аленчанка з першага дня працы на пасадзе спачатку галоўнага інжынера, а потым і дырэктара дарожнай арганізацыі.

Пра арганізацыю ідэалагічнай работы на прадпрыемстве расказаў намеснік дырэктара Іван Кекіш. Госці агледзелі стэнды. Асаблівую зацікаўленасць выклікала дошка спартыўнай славы. Дарожнікі — пастаянныя ўдзельнікі карпаратыўных і раённых спаборніцтваў. Кожны 3-ці займаецца спортам. І як вынік: без прызавога месца каманды ніколі не застаюцца, ды і колькасць бальнічных лістоў істотна скарацілася.

Кадравая тэма працягнулася і падчас тэарэтычнай часткі семінара. Намеснік дырэктара ЦБП №218 ВАУ ААТ «ААБ Беларусбанк» Злата Шацько расказала пра работу з моладдзю і грамадскімі аб’яднаннямі ва ўстанове.

Аб працы па стварэнні іміджу прадпрыемства і прадукцыі паведаміла Таццяна Герасімава, адказная за ідэалагічную работу КУПБА «Прэстыж».. Прасоўванне тавараў і паслуг праз глабальнае сеціва — якраз той напрамак, які сёння развіваюць на прадпрыемстве. І дапамагчы ў гэтым зможа прафесі­йны маркетолаг, пасада якога ў хуткім часе з’явіцца ў «Прэстыжы».

Вольга Бандарэвіч.

Падрабязнасці чытайце ў “Голас Сенненшчыны” №39, 19 мая 2012г.