Кацярына Трэцяя. Навучэнка Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў стала прызёрам самага прэстыжнага музычнага конкурсу Беларусі

Кацярына Булыня вучыцца ў сёмым класе ДШМ, асвойвае ігру на домры пад кіраўніцтвам Вольгі Букановіч.  Сёлета яна выйшла ў фінал самага прэстыжнага музычнага форуму ў нашай краіне — VI Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.Жыновіча.

Каб прабіцца на рэспубліку, вучаніцы і яе выкладчыку давялося вытрымаць некалькі сур’езных адбораў.

Першы, раённы, этап прайшоў яшчэ ў лютым. Разам з Кацей свае сілы ў ім спрабавалі 6 вучняў ДШМ па класе домры: Ганна Станкевіч (2 клас), Стас Зелентаў (2 клас), Марыя Мельцына (3 клас), Ксенія Кручок (4 клас), Яніна Шаўчэнка (4 клас). Дарэчы, усе яны вучацца ў класе Вольгі Аляксандраўны. Кожны з іх выканаў па тры музычныя творы. Дапамагалі юным музыкантам канцэртмайстары, выкладчыкі школы Ірына Корсакава і Наталля Бозыр. Журы, у складзе начальніка аддзела культуры райвыканкама Ларысы Нові­кавай (менавіта Ларыса Яўгенаўна навучыла і прывіла любоў да домры колішняй сваёй вучаніцы, а цяпер Кацінай настаўніцы — Вользе Букановіч.: Аўт.), дырэктара Сенненскай ДШМ Івана Смірнова і старшыні камісіі, выкладчыка па класе домры Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І.Салярцінскага Зінаіды Сухвал, адзначыла высокую падрыхтоўку ўсіх канкурсантаў. У выніку, Стас Зелентаў, Марыя Мельцына, Яніна Шаўчэнка і Кацярына Булыня атрымалі пуцёўкі ў занальны тур, што прайшоў у сакавіку ў Віцебску. Вобласць «скарылася»  Кацярынцы.

У пачатку мая дзяўчынка ў ліку  лепшых маладых музыкантаў Беларусі ездзіла ў Ліду, дзе адстойвала гонар Віцебшчыны, а таксама Сенненшчыны і роднай школы на заключным, рэспубліканскім, этапе конкурсу. Дадому Кацярына Булыня вярнулася «бронзавай» прызёркай.

Вось ужо на працягу больш як 40 гадоў «жыновіцкі» форум з’яўляецца найбольш значнай падзеяй у свеце беларускай музыкі. Раз у тры гады ён збірае навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, музычных вучэльняў, якія бачаць сваю будучыню на прафесійнай сцэне. Конкурс праводзіцца ў некалькіх намінацыях: «Баян», «Акардэон», «Цымбалы», «Балалайка», «Домра-мандалі­на», «Гітара». За мэту арганізатары форуму — Міністэрства культуры Беларусі, Гродзенскі і Брэсцкі абласныя выканаўчыя камітэты і Беларускі саюз музычных дзеячаў — ставяць выяўленне і падтрыманне адораных вучняў, садзейнічанне развіццю іх творчых здольнасцей і павышэнню ўзроўню выканальніцкага майстэрства, папулярызацыю мастацтва ігры на народных інструментах. Дыпламанты рэспубліканскага тура становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Кацярына Булыня стала другой навучэнкай школы за ўсю гісторыю ўстановы, якая прайшла ў фінал гэтага конкурсу і першай, хто стаў яго прызёрам. Першапраходцам была  Анастасія Рукаль. Яна вучылася ў класе баяна (выкладчык Іван Смірноў), а сёлета заканчвае Віцебскі музычны каледж.

Кацярына стала годнай зменай колішнім выпускнікам. Праўда, поспех не быў бы магчымым без яго складнікаў — таленту вучня і педагога і іх сумеснай руплівай працы. Штодзень па некалькі гадзін Каця пазнае сакрэты майстэрства ігры на гэтым, бадай, самым лірычным і пранікнёным музычным інструменце пад кіраўніцтвам маладога, але спрактыкаванага педагога, які імкнецца развіваць вучаніцу ў розных напрамках. Так, за час падрыхтоўкі да рэспубліканскага фіналу, Кацярына паспела перамагчы на міжнародным музычным інтэрнэт-конкурсе, што праходзіў у красавіку ў Сербіі. Яшчэ адна вучаніца Вольгі Букановіч — Яніна Шаўчэнка — у гэтым жа конкурсе  ў сваёй узроставай катэгорыі заняла 2-ое месца.

Вольга Бандарэвіч.

На здымку: (злева направа) Н.Бозыр, Я.Шаўчэнка, В.Букановіч, К.Булыня, І.Корсакава, (сядзяць) С.Зелентаў і М.Мельцына падчас занальнага тура VI Рэспубліканскага конкурсу імя І.Жыновіча.