Cенненскі гісторыка-краязнаўчы музей запрашае на “Ноч музеяў”

Найлепшы падарунак робяць наведвальнікам музеяў яго супрацоўнікі ў дзень свайго прафесійнага свята.

 У 2005 годзе акцыя «Ноч музеяў», прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў (18 мая), набыла агульнаеўрапейскі характар і цяпер праходзіць пад патранажам Савета Еўропы. Яна аб’ядноўвае больш за 2000 музеяў з 40 краін Еўропы. Летась да іх далучыліся каля 60 беларускіх музеяў, у тым ліку і  наш — Сенненскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

 І сёлета сенненцаў таксама чакае незабыўная паэтычна-музычна-жывапісная «ноч». Галоўнай падзеяй імпрэзы пад назвай «Музыка начнога музея» стане прэзентацыя персанальнай выставы віцебскага мастака, члена Беларускага саюза мастакоў, ура­джэнца Сенненшчыны Мікалая Драненкі (на здымку). Акрамя таго, у праграме прагучаць музычныя і паэтычныя творы мясцовых самадзейных кампазітараў і паэтаў.    

 Усіх аматараў мастацтва чакаюць у музеі 18 мая ў 18 гадзін.

Вольга Бандарэвіч.