Хто з сенненцаў годны служыць у ганаровай варце
Напярэдадні Дня Перамогі наша краіна адзначыла Дзень прызыўніка, які для многіх хлопцаў стаў знакавым. Амаль паўсотні сенненцаў атрымалі з рук афіцыйных асоб павесткі аб прызыве на тэрміновую службу ў беларускую армію.
На Камсамольскай плошчы ў Сянно адбылося ўрачыстае мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў моладзевых грамадскіх арганізацый і ўладных структур. З пажаданнямі добрай службы, з годнасцю несці званне воіна перад прызыўнікамі выступіў ваенны камісар Сенненскага ваеннага камісарыята, падпалкоўнік Сяргей Пінчук. Шчырымі словамі павіншавала навабранцаў і старшыня прызыўной камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.
Па традыцыі, прачытаўшы малітву, акрапіў святой вадой будучых воінаў настаяцель-протаіерэй Свята-Мікалаеўскага храма, айцец Мікалай. Слова меў і адзін з прызыўнікоў — Дзяніс Беразнеў. Напрыканцы, пад гукі аркестра, навабранцы паспрабавалі прайсці разам урачыстым маршам.
Асаблівасцю гэтага прызыву з’яўляецца тое, што ўпершыню двое нашых землякоў, Аляксей Высоцкі і Васіль Бялкоўскі, будуць служыць у ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у роце ганаровай варты.
Ірына ГАРБАЧОВА.