Сенненскія настаўнікі здзівілі віцябчан “жывымі” картамі

Настаўнікі СШ№2 г.Сянно Васіль Бандарэвіч, Аляксандр Улаховіч і Вольга Лісоўская сталі ганаровымі гасцямі і ўдзельнікамі выставы гістарычнай зброі, што адкрылася ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.

Музей гісторыі ВНУ змясціў таксама работы навучэнцаў мастацка-графічнага факультэта.

.Колькі часу назад група студэнтаў,  членаў экскурсійна-краязнаўчага клуба «Эрыдан» на чале з яго кіраўніком, метадыстам упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Вольгай Пуцеевай,  наведалася ў Сянно. А дакладней, да вядомага ў нашым раёне краязнаўцы Васіля Бандарэвіча. Работа настаўніка і яго вучняў па аднаўленні гістарычнай спадчыны Сенненшчыны ўра­зіла віцябчан. Адказным ходам стала запрашэнне на выставу.

З сабой сенненцы прывезлі гістарычныя касцюмы,  зброю розных эпох, зробленыя дзіцячымі рукамі з падручных матэрыялаў пад кіраўніцтвам таленавітых настаўнікаў. З захапленнем студэнты і выкладчыкі ВНУ гарталі выданні, створаныя Васілём Бандарэвічам і Вольгай Лісоўскай, у тым ліку і вядомую «Эскурсію да вытокаў г.Сянно». Кнігі «Вставай, страна огромная!» і «Меч “Багратиона». Освобождение», прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Сенненшчыны, на жаль, не пабачылі друкарскага станка, але і ў  «самиздатовском» выглядзе распрацоўка прызнана лепшай на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры педагагічнага вопыту і дзіцячай творчасці «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне: вопыт і перспектывы». Чарговае выданне, што рыхтуюць настаўнікі, «Вечной памяти 1812 года» прысвечана руска-французскай вайне, 200-годдзе якой будзе адзначацца сёлета.

«Жывыя» карты, створаныя Васілём Віктаравічам разам з калегамі і вучнямі, дазваляюць прасачыць увесь ход знакамітых бітваў ля Барадзіна і Астроўна, што называецца, на свае вочы. Дзясяткі мініяцюрных фігурак прадстаўнікоў рускага і французскага войскаў, коней, гармат выстраіліся на картаграфічных малюнках. Яны ў нечым нагадваюць дзіцячую гульню ў салдацікаў. Рацыя тут ёсць, лічыць Васіль Віктаравіч, толькі гэта больш чым цацкі. Такім чынам, праз мастацтва, праз створанае ўласнымі рукамі на ўроках малявання, працоўнага навучання, дэкаратыўна-прыкладной творчасці маладое пакаленне вывучае гісторыю айчыны, вучыцца любіць свой родны край і працаваць на яго дабрабыт. А гэта і ёсць той самы патрыятызм, пра які так любяць гаварыць з высокіх трыбун.

Унікальныя педагагічныя здабыткі сенненскіх настаўнікаў, безумоўна, будуць карыснымі  для тых будучых гісторыкаў і мастакоў, хто бачыць сваё прызначэнне ў выкладчыцкай дзейнасці.

На здымку: Васіль Бандарэвіч і яго «жывыя» карты.