Прадам камерсанту, куплю ў калгасе

Як выбудоўваюцца ўзаемаадносіны паміж грамадскімі сельгасарганізацыямі і ўласнікамі прысядзібных гаспадарак наша газета пісала не раз, у тым ліку пра тое, якім чынам арганізаваны закуп маладняка ў насельніцтва. Сёння мы зноў вяртаемся да некаторых нюансаў гэтай праблемы.

 Па стану на 1 студзеня 2012 года на ўласных падворках жыхароў Сенненскага раёна ўтрымлівалася 1198 кароў. Да гэтай пары большасць жывёлы расцялілася. Але грамадскія сельгасарганізацыі, якія гатовы купіць у насельніцтва цялят, набылі ўсяго 139 галоў (даныя на 1 мая). Дзе астатняе пагалоўе, няцяжка здагадацца: нейкая частка маладняка застаецца ў насельніцтва, астатнія цяляты рэалізуюцца, так званым, камерсантам. Дазволю сабе падобны выраз, бо, як яшчэ назваць людзей, якія пускаюць пад нож цялят-малочнікаў? Ды і гаспадароў жывёлы, якія дзеля сумніўнага даходу — цялят, як правіла, «важаць» лентай — прадаюць маладняк такім людзям, цяжка зразумець. Тым больш, што дзяржаўныя сельгасарганізацыі, органы ўлады дапамагаюць людзям весці прысядзібную гаспадарку: выдзяляюцца сенакосы, паша, аказваецца дапамога ў апрацоўцы зямельных участкаў. Абмяняць, пры неабходнасці, жывёлу вясковец таксама ідзе не да індывідуальнага прадпрымальніка ці чалавека, які ўвогуле займаецца закупам жывёлы не маючы на тое законных правоў, а да кіраўніка грамадскай сельгасарганізацыі. І знаходзіць разуменне. У прыватнасці, падобны факт меў месца ў ААТ «Бяленева». Работнік мясцовай сельгасарганізацыі рэалізаваў восенню карову індывідуальнаму прадпрымальніку, а ў сакавіку звярнуўся ў акцыянернае таварыства з просьбай прадаць цельную цялушку ды яшчэ з адтэрміноўкай аплаты. Усяго за месяц у названую гаспадарку паступіла сем падобных заяў, у ААТ «Літусава» — 10. Дарэчы, членам гэтага акцыянернага таварыства прадаюць нават не цялушак, а першацёлак. Ні табе праблем, ні клопату — вядзі маладую карову на ўласны падворак, даі яе ды спажывай малако. А на наступны год цяля зноў куды захацеў? У данай сітуацыі, думаецца, трэба заключаць двухбаковыя дагаворы, дзе б агаворвалася, скажам, што вясковец, якія набыў цялушку, карову, абавязаны прадаць гаспадарцы вызначаную колькасць цялят.

 А як інакш будаваць узаемаадносіны, калі сёлета ААТ «Літусава» на набыццё цялят у насельніцтва вымушана было браць 100 мільёнаў рублёў крэдыту, ААТ «Бяленева» — 50, ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — 150. Такім чынам, названыя гаспадаркі не толькі заплацяць за цялят іх уласнікам, але і працэнты банкам. І не праз два гады, калі цяля вырасце ў быка ці карову, калі прададуць мяса ці малако, а ўжо заўтра. Давайце разважаць далей, апошнія дзесяцігоддзі засведчылі адназначна, што эканоміка прысядзібных гаспадарак залежыць на 90 а то і 100 % ад грамадскіх сельгасарганізацый. Былі моцнымі калгасы, упэўнена адчувалі сябе вяскоўцы. Зрэшты, гэта ўжо іншая тэма…

 У заключэнне нагадаем, што жывёлу ў насельніцтва купляе і раённае спажывецкае таварыства. Больш таго, вяскоўцы могуць узамен атрымаць нейкія льготы на пастаўку тых ці іншых тавараў, кармоў.

 Л. ІЎЕЎ.