«Матрица» судьбы Александра Хотяшова
Сэрвіс, правайдэр, акаунт, навігацыя і іншыя сучасныя тэрміны мовы праграмістаў, якія просты карыстальнік інтэрнэта можа і не ведаць. Толькі не Аляксандр Хацяшоў, электрамеханік раённага вузла электрычнай сувязі. Ён разбіраецца ў гэтым як ніхто іншы.
Аляксандр Паўлавіч працуе ў РВЭС з 2004 года. Пачынаў электраманцёрам. У 2007 годзе, калі пашырылася колькасць карыстальнікаў камп’ютарамі, Інтэрнетам, спатрэбіўся адпаведны спецыяліст. Тады Аляксандру Хацяшову і прапанавалі пайсці вучыцца ў Віцебскі каледж сувязі, каб, атрымаўшы пэўныя веды, ён мог займацца справамі электрамеханіка. Ён згадзіўся.
Праца спецыяліста заключаецца ў забеспячэнні шырокапалоснага доступу да інтэрнэта, лічбавага тэлебачання, а таксама ў абслугоўванні і настройцы спецыяльнага абсталявання для іх.
Каму-небудзь справа Аляксандра Паўлавіча можа паказацца сумнаватай — штодзённыя матрыцы лічбаў, праца з рознымі праграмамі, але толькі не яму самому. Мужчына даўно цікавіўся камп’ютарамі. З настальгіяй успамінае свой першы ПК, які набыў, калі вярнуўся са службы ў арміі ў 1988 годзе. Тады яны яшчэ называліся праграміраванымі калькулятарамі. Простыя, але на той час, для моладзі яны былі вялікім адкрыццём. Да 2004 года ён памяняў тры камп’ютары. Настолькі было цікава разбірацца ў праграміраванні, што спачатку, калі не было доступу да інтэрнэту, нават купляў спецыяльную літаратуру, расказвае мой субяседнік. Як паказаў час — яе вывучэнне спатрэбілася ў далейшым.
Аляксандр Паўлавіч гатовы дапамагчы не толькі абанентам. Часта за кансультацыяй, парадай да яго звяртаюцца і супрацоўнікі вузла сувязі.
Нездарма за прафесіяналізм, неабыякавае стаўленне да працы сёлета партрэт Аляксандра Хацяшова змешчаны на раённай Дошцы гонару.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.