Эксклюзіўны “hand made” ад сенненскіх настаўнікаў

На базе Сенненскай школы-інтэрната і СШ №2 г.Сянно прайшла міжрэгіянальная сустрэча настаўнікаў працоўнага навучання і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Сенненскага і Бешанковіцкага раёнаў «Развіццё пазнавальных інтарэсаў, творчых здольнасцей вучняў у працэсе працоўнага навучання».

Педагогі  наведалі сталярную і швейную майстэрні школы-інтэрната. Некаторыя з гасцей набылі швейныя вырабы выхаванак, належным чынам ацаніўшы якасць работы, адзначылі, што з задавальненнем будуць імі карыстацца.

 Майстар-клас «Дэкупаж» для ўдзельнікаў сустрэчы правяла кі­раўнік гуртка Наталля Карпека. Пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Святланы Даукшас прайшла дэманстрацыя мадэляў адзення.

 Падрыхтаваліся да пры­ёму гасцей і ў СШ №2 г. Сянно. Выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Майстэрня настрою» ўражвала разнастайнасцю экспанатаў. Хараством і дасканаласцю вызначалася літаральна ўсё, ад апрацоўчай дошкі і самай маленькай шкатулкі да прыгожых карцін і настольнай лямпы, зробленай з лазовых прутоў.

 Настаўнікі з суседняга раёна, таксама не навічкі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, па-сапраўднаму зацікавіліся многімі вырабамі. Толь­кі дасканала агледзеўшы ўсе экспанаты выставы, яны перайшлі да работы ў секцыях.

 Цікава расказваў пра сваё захапленне — лозапляценне — настаўнік Ходцаўскай школы Сяргей Грунтоў. Усім, хто зацікавіўся гэтай справай майстар, паказаў азы лозапляцення, з якіх трэба пачынаць.

 Майстар-клас настаўні­ка Сенненскай школы-інтэрната Аляксандра Аднарогага называўся «Майстэрня апрацоўкі бяросты». Работа з гэтым прыродным матэрыялам таксама выклікала непадробны інтарэс.

 Вельмі даступным для дзяцей з’яўляецца пенаполістэрол. Як працаваць з гэтым матэрыялам расказаў і паказаў удзельнікам сустрэчы настаўнік СШ №1 г.Сянно Юрый Кучко. 

 Цікава прайшло пася­джэнне і настаўнікаў абслугоўваючай працы. Высветлілася, што гэтай жаночай справай гатовыя займацца і хлопчыкі. Асабліва падабаецца  непаседам бісерапляценне. Аб’ёмная вышыўка, аплікацыі са скуры, папяровая фі­лігрань, квілінг, бацік… Майстар-класы работы ў гэтых і іншых тэхніках правялі настаўніцы СШ №2 г.Сянно Таццяна Сірэнка, Марына Мацкевіч, Наталля Лазар, Вольга Шыдлоўская, Вольга Лісоўская, Вольга Красноўская.

 Падвяла вынікі сустрэчы метадыст аддзела адукацыі Сенненскага райвыканкама Жанна Падалінская. Госці шчы­ра падзякавалі за мерапрыемства, адзначылі, што з некаторымі тэхні­камі, у якіх працуюць сенненскія настаўнікі, пазнаёміліся ўпершыню. Суседзі выказалі спадзяванне, што першая сустрэча стане пачаткам далейшых творчых стасункаў.

 Таццяна Буракова