Звольніцца можна было толькі “по статье”. На біяграфію “Чырвонага шаўца” (цяпер КУПБА “Прэстыж”) пралілі свет у Сенненскім раённым архіве

Нядаўна ў раённай газеце быў апублікаваны матэрыял пад назвай «Ад «Чырвонага шаўца» да «Прэстыжу». Гэту тэму вырашылі працягнуць супрацоўнікі раённага архіва.

Загадчыца ўстановы Любоў Архіпава даслала ў рэдакцыю пісьмо, у якім паведаміла, што ў раённым архіве ёсць на захаванні дакументы таго самага «Чырвонага шаўца» за 1944-1952 гады: пратаколы агульных сходаў членаў арцелі і пасяджэнняў праўлення арцелі, распараджэнні старшыні і разлікова-плацёжныя ведамасці па налічэнні заработнай платы работнікам.

Вывучыўшы гэтыя дакументы, архівісты знайшлі факты, якія будуць цікавымі нашым чытачам.

Пасля вызвалення тэрыторыі краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў арцель «Чырвоны шавец» пачала сваю дзейнасць з ліпеня 1944 года. З дакументаў бачна, з якімі вялізнымі цяжкасцямі яна аднаўлялася, як складана было наладзіць вытворчасць.

З першых дзён на пасадзе старшыні арцелі працаваў Фёдар Лявонцьевіч Лагуноў. Калектыў складаўся з 53 чалавек. Былі створаны швейны і шавецкі цэхі, скураны і квасзаводы, цырульня, гадзіннікавая майстэрня і фатаграфія. У 1945 годзе ў арцелі працавала 46 чалавек, а ў 1949 — 32, што складала 59% ад неабходнай колькасці (з пратакола).

З сакавіка 1945 года арцель узначальваў Евель Янкелевіч Свердлаў. Са жніўня 1946 па жнівень 1947 старшынёй быў А.Э.Сухоцкі, з верасня 1947 па май 1948 —  М.С.Сіндалоўскі, чэрвень-кастрычнік 1948 — Ф.Л.Лагуноў, лістапад 1948-май 1951 — Афанасій Іванавіч Гапееў, а з чэрвеня 1951 года праўленне арцелі ўзначальваў Піліп Маісеевіч Кулік.

У 1950 годзе існавалі аддзяленні арцелі: Багушэўскія швейнае і шавецкае, Яноўскія швейная і шавецкая кропкі, Обальская і Машканская шавецкія кропкі, вяровачны цэх. Пазней з’явіліся Стайкаўскае і Лычкоўскае аддзяленні. Меўся агент па забеспячэнні. У швейным цэху працавалі такія работніцы, як краўчыхі, вязальшчыцы, надомніцы, у шавецкім — шавец, нарыхтоўшчык. У кожным цэху меліся вучні, якія пераймалі вопыт, каб выкарыстаць яго ў выбранай прафесіі.

Адчуваліся вялікія цяжкасці з матэрыялам, дрэнным было абсталяванне. У арцелі катастрафічна не хапала работнікаў. Аблскуршвейпрамсаюзам даводзіліся вялізныя планы, якія ў такіх умовах выканаць было нерэальна. У кожным пратаколе агульных сходаў членаў арцелі было запісана: «Даведзены план павінен быць выкананы любымі сродкамі». Вялася «бязлітасная» барацьба з дрэннай дысцыплінай і дрэннай якасцю прадукцыі. Кожны месяц правяралася выкананне плана за папярэдні месяц і размяркоўваліся планавыя заданні на наступны.

Звольніцца з арцелі было няпроста: з-за адсутнасці лішніх рук, праўленне магло не даць згоду на звальненне. А вось за невыкананне работы ці за выпуск няякаснай прадукцыі з арцелі звольніць маглі.

Таццяна Буракова.