“Настаўнік Года” Сенненшчыны Іна Казлова: “Мая стыхія – школа!”

Стаць настаўніцай Іна Казлова марыла з дзяцінства. У школу пайшла раней належнага ўзросту, вучылася з задавальненнем. А калі класным кіраўніком у іх 5 класе стала настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры Іна Канстанцінаўна Цвірко, дзяўчынка канчаткова вырашыла звязаць свой лёс са школай. Іна Канстанцінаўна і яе муж Аляксандр Аляксандравіч, таксама настаўнік, сталі першым прыкладам у выбары прафесіі.

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.Кірава Іна, а дакладней, ужо Іна Васільеўна, вярнулася ў Яноўскую школу.

Пачынаць працоўную дзейнасць маладой настаўніцы рускай мовы і літаратуры ў родных сценах было няцяжка. Працавалі яшчэ педагогі, якія памяталі сваю былую вучаніцу. Да іх можна было звярнуцца з любым пытаннем. На ўсё жыццё ўдзячна Іна Казлова Тамары Лявонцьеўне Лемех, Паліне Цімафееўне Шарац, Анатолю Іванавічу Акуленку, Іосіфу Бернардавічу Пінюце, Іне Канстанцінаўне і Аляксандру Аляксандравічу Цвірко за тое, што дзяліліся з ёю вопытам і мудрасцю, якія маладая настаўніца лічыла (ды і цяпер лічыць) не менш каштоўнымі, чым набытыя ў інстытуце веды.

І вось ужо шаснаццаць разоў празвінеў для настаўніцы вышэйшай катэгорыі Іны Васільеўны Казловай першы вераснёўскі званок. А на кожны ўрок яна па-ранейшаму ідзе з хваляваннем, з жаданнем працаваць, бачыць перад сабой цікаўныя дзіцячыя вочы, радавацца поспехам і перамогам сваіх вучняў, дапамагаць ім пераадольваць перашкоды. Сярод выпускнікоў Казловай сёння ёсць настаўнікі, эканамісты, бухгалтары, чыгуначнікі… У 2008 годзе Іна Васільеўна па выніках удзелу ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства атрымала ганаровае званне «Настаўнік года». У іншай прафесіі педагог сябе не ўяўляе. «Маё месца ў школе, — гаворыць яна. — Тут я адчуваю сябе ў сваёй стыхіі».

У мінулым навучальным годзе ўзяла пад сваю апеку 5 клас. Выхаваўчую дзейнасць класны кіраўнік вырашыла пачаць з азнаямлення дзяцей з мясцінамі, дзе яны нарадзіліся, жывуць, ходзяць у школу. Пабывалі на экскурсіі ў бібліятэцы, на спіртзаводзе, у базавых сельгасарганізацыях. Цяпер займаюцца вывучэннем гісторыі Беларусі, знаёмствам з жыццём і дзейнасцю знакамітых землякоў. Падрыхтавалі ўжо даследаванне, у якім расказваецца пра былых настаўнікаў школы Цвірко. Сёлета ў планах класнага кіраўніка і вучняў паездка ў старажытны Полацк.

Па натуры чалавек энергічны, ініцыятыўны і актыўны, Іна Васільеўна не цураецца і грамадскай работы. Восем гадоў была нязменнай вядучай раённага фестывалю выпускнікоў «Вясна надзей». Прымае ўдзел у іншых мерапрыемствах. Далучае да рознабаковай дзейнасці і сваіх вучняў. Яе падапечныя атрымалі Дыплом ІІІ ступені за ўдзел у намінацыі «Людзі цікавых прафесій» абласнога этапа рэспубліканскай патрыятычнай турысцка-краязнаўчай акцыі «Нашчадкі Перамогі». А настаўніца адзначана раённым аддзелам адукацыі за актыўную доследную дзейнасць вучняў.

Таццяна Буракова.

На здымку: настаўніца Яноўскай школы Іна Васільеўна Казлова.

“Настаўнік Года” Сенненшчыны Іна Казлова: “Мая стыхія – школа!”: 1 комментарий

  • Понедельник, 7 май, 2012 в 19:01
    Permalink

    У 2008 годзе Іна Васільеўна па выніках удзелу ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства атрымала ганаровае званне «Настаўнік года». —— В 2008 году звание «Учитель года» получил другой педагог.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *