Золата Лісоўскіх

У кнізе ганаровых юбіляраў аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама пакінула свае подпісы сям’я Лісоўскіх — Ала Мікалаеўна і Віктар Васільевіч, жыхары горада Сянно. Праз усё жыццё яны змаглі пранесці шчырыя пачуцці, павагу адно да аднаго, што дапамагло захаваць сям’ю, стаць прыкладам для сваіх дзяцей, унукаў. З нагоды знамянальнай даты павіншавалі і ўручылі падарункі  юбілярам супрацоўнікі ад­дзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама.

Лета 1961 года Лісоўскія ўспамінаюць з цёплай усмешкай на тварах. Бо, менавіта, яно і стала часам іх знаёмства. Маладыя, тады яшчэ студэнты, Ала і Віктар пазнаё­міліся на танцпляцоўцы ў Горках Магілёўскай вобласці. Віктар Васільевіч вучыўся на трэцім курсе землеўпарадчага факультэта Горацкай акадэміі. Ала Мікалаеўна, выпускніца Магілёўскага медыцынскага вучылішча, прыехала ў райцэнтр на практыку. Сустрэўшыся позіркамі, маладыя людзі спадабаліся адно  аднаму. «У каханне з першага погляду не верыў, пакуль сам аднойчы не адчуў», — успамінае Віктар Васільевіч. З таго дня іх адносіны сталі развівацца па сцэнарыю добрага кіно: з рамантычнымі сустрэчамі, нечаканымі прыемнымі сюрпрызамі.

Восенню, пасля заканчэння практыкі, Ала Мікалаеўна вярнулася ў Магілёў, але сувязь з Віктарам Васільевічам працягвалася. Адлегласць зблізіла яшчэ мацней. Яны перапісваліся літаральна кожны дзень. часам, не дачакаўшыся выхадных, Віктар Васільевіч назначаў спатканні сваёй каханай.  Маладыя, акрыленыя — яны не ўяўлялі жыццё адзін  без аднаго. Неўзабаве вырашылі згуляць вяселле. «Гэта  быў абдуманы крок, — гаворыць Ала Мікалаеўна,— мы былі ўпэўнены ў нашых адносінах».

«З 50-ці гадоў сумеснага жыцця  мы разам толькі 45», — смяюцца Лісоўскія. Вучоба, камандзіроўкі Віктара Васільевіча, потым яго служба ў арміі — у суме пяць гадоў разлукі. Сустракаліся, як кажуць, па выхадных, але гэта толькі рабіла каханне мацнейшым.

Пасля арміі Віктар Васільевіч стаяў перад выбарам, у якую вобласць ехаць на працу: звязаць жыццё са Смаленскай альбо з Віцебскай, у прыватнасці, з Бешанковіцкім раёнам. Доўга не раздумваў, і ў 1966 годзе Лісоўскія, з двума малымі дзеткамі едуць у Бешанковічы. Віктар Васільевіч працаваў архітэктарам, Ала Мікалаеўна ўладкавалася акушэркай у мясцовую бальніцу. Аднак нядоўга давялося пажыць на новым месцы. У 1967 годзе жыццё ўносіць  карэктывы ў планы сям’і — Віктару Васільевічу прапаноўваюць месца па спецыяльнасці  ў землеўпарадчым аддзеле Сенненскага райвыканкама. Ала Мікалаеўна ўладкоўваецца на працу ў цэнтральную раённую бальніцу, дзе і робіць да выхаду на пенсію.

«Вось ужо 45 гадоў мы  ў Сянно, — дзеліцца Ала Мікалаеўна. — І ведаеце, для нас гэтае месца стала па-сапраўднаму родным, быццам  мы тут нарадзіліся».

За гады сумеснага жыцця, як і ў кожнай сям’і, у іх было ўсялякае: і хвіліны радасці, і спрэчкі (звычайна на бытавым узроўні). Аднак, як бы там не было, Ала Мікалаеўна ведала, калі трэба сказаць, а калі прамаўчаць, а Віктар Васільевіч, у сваю чаргу, як сапраўдны мужчына, першым прасіў прабачэнне.

Усё сваё жыццё Лісоўскія прысвяцілі сябе працы і, безумоўна, дзецям. Дачушка Ірына — у Бабруйску. Жыццё звязала з медыцынай. Тройчы паступала ў медыцынскі ўніверсітэт, пакуль не дабілася свайго. Сёння разам з мужам працуюць урачамі. Сын Алег з сям’ёй — побач з бацькамі. Ён — у мінулым ваенны, заканчваў Курганскае вышэйшае авіяцыйна-палітычнае вучылішча. Зараз — на пенсіі. Радасцю, светлай аддушынай для юбіляраў  з’яўляюцца унучкі, без якіх не абыходзіц­ца ніводнае сямейнае свята.

Людзі, якім калісьці даво­дзілася сутыкацца з Лісоўскімі, і тыя, хто сёння падтрымлівае з імі сувязь, толькі добрымі словамі адзываюцца пра іх.

На пытанне ў чым сакрэт сямейнага шчасця, гаспадары літаральна ў адзін голас адказалі — у простых жыццёвых каштоўнасцях: павазе, любові.

Ала ЯКАЎЛЕВА.