На Сенненшчыне ўчасціліся выпадкі крадзяжу металалому

Кошт металалому вырас да такога ўзроўню, што яго зборам і нарыхтоўкай не займаюцца толькі лайдакі. І гэта добра, бо другасная сыравіна запатрабавана эканомікай, ачысцяцца нарэшце ад смецця нашы населеныя пункты, палеткі, лясы. Дрэнна, што металалом стаў аб’ектам крымінальнага злачынства. Толькі 25 красавіка ў РАУС зафіксавана  некалькі зваротаў юрыдычных і фізічных асоб аб крадзяжах металічных вырабаў, сродкаў вытворчасці. У прыватнасці, ад намесніка дырэктара КУСГП імя Данукалава паступіла паведамленне, што з зернесушылкі М-819, якая знаходзіцца ў вёсцы Полымя, у перыяд часу з кастрычніка 2011 года па 25 красавіка 2012 года невядомыя асобы выкралі 4 статары з абмоткамі ад электрарухавікоў. Дыспетчар Сенненскага РЭС паведаміў аб кра­дзяжы з лініі электраперадач у вёсцы Чараўкі электрапроваду маркі А-16 даўжынёй каля 440 метраў. У жыхара райцэнтра з агарода, які знаходзіцца непадалёку  ад дому, выкралі 5 металічных слупоў. У вёсцы Бялькі ў мясцовага жыхара ўкралі з гаспадарчай пабудовы сетку-рабіцу, а ў віцебскага  дачніка ў вёсцы Розмыслава — чыгунную ванну.

Аддзел унутраных спраў Сенненскага райвыканкама звяртаецца да жыхароў раёна з просьбай не заставацца абыякавымі да асоб, якія незаконна займаюцца скупкай металалому. Менавіта яны правакуюць падлеткаў, асоб без пастаяннага месца працы на злачынствы. Калі вам што-небудзь вядома аб асобах, якія займаюцца зборам і скупкай вырабаў з метала, просім неадкладна паведамляць па тэлефонах дзяжурнай часці 4-17-55 ці 102. Тым самым вы абароніце сябе і сваю маёмасць ад супрацьпраўных дзеянняў.