Эфект першай асобы

Сустрэчы ў працоўных калектывах, «прамыя тэлефонныя лініі», прыём грамадзян старшыня райвыканкама Віктар Цапота праводзіць рэгулярна, у адпаведнасці з графікам. І заўжды на кантакт з ім імкнуцца многія. Што гэта? Эфект «першай асобы»? Недавер да іншых прадстаўні­коў раённай вертыкалі ўлады, кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў?

Генадзь Баранчук, пенсіянер з вёскі Новая Обаль, на «прамую тэлефонную лінію», якую вёў Віктар Цапота, звярнуўся з просьбай зрабіць пераразлік аплаты за спажытую гарачую ваду. На яго думку, камунальнікі бяруць лішнія грошы за сваю паслугу.

 Як вядома, у абанентаў, кватэры якіх абсталяваны індывідуальнымі прыборамі ўліку спажывання вады, аплата робіцца па іх паказчыках. Там, дзе лічыльнікі не ўстаноўлены, у тым ліку ў кватэры Баранчука, грошы бяруцца ў разліку за адзін дзень па нарматывах спажывання. А таму падстаў для пераразліку спадар Баранчук не мае.

 Яшчэ адна жыхарка Новай Обалі Вера Берашэвіч паведаміла, што ў доме №7 па вуліцы Маладзёжнай, патрабуецца рамонт дахаў. Факт гэты пацвердзіўся. На столі і сцяне ў пад’ездзе выяўлены сляды пранікнення вільгаці.Рамонтам даху камунальнікі займуцца, як толькі ўсталюецца сухое надвор’е. У якасці крайняга тэрміну названа 1 чэрвеня 2012 года.

 Суразмоўца старшыні райвыканкама гаварыла і пра водаразборную калонку — яна некаторы час не працавала. Пасля звароту на «прамую лінію» работа калонкі аператыўна была адноўлена.

 Дарэчы, Вера Берашэвіч — дэпутат Машканскага сельскага Савета. Таму Віктар Цапота пацікавіўся ў яе і іншымі праблемамі вёскі і вяскоўцаў.

 Шэраг пытанняў да старшыні райвыканкама мела Клара Броўка,  пенсіянерка  г. Сянно, якая жыве па вуліцы Мічурына ў доме №62а. Перш-наперш Клара Мікі­таўна пацікавілася перспектывай газіфікацыі вуліцы.

 Як высветлілася, праблемы тут няма. Жыхарам вуліцы трэба пачынаць са стварэння і рэгістрацыі кааператыва. Калі паспяшацца, то работы па газіфікацыі могуць пачацца ў наступным годзе.

 З часам жыхары вуліцы Мічурына змогуць карыстацца і сістэмай цэнтральнага водазабеспячэння (перспектывай яе з’яўлення таксама цікавілася спадарыня Броўка). Як ёй растлумачылі, разгляд гэтага пытання стане магчымым толькі пасля таго, як бу­дзе ўведзены ў эксплуатацыю аб’ект «Водазабеспячэнне квартала індывідуальнай забудовы ў г. Сянно: вул.Пятаковіча, 1-шы зав.Мічурына, вул. Чырвонаармейская, вул. Лявонава, зав. 2-гі і 3-ці Чырвонаармейскія»— перададзены на баланс РУП ЖКГ.

 Клара Броўка хацела б, каб па вуліцы Мічурына быў устаноўлены дадатковы прыпынак грамадскага транспарту. На думку жанчыны, адлегласць паміж існуючымі — занадта вялікая. Што зусім не так, як паказала вывучэнне праблемы. Існуючыя прыпынкі абсталёўваліся зыхо­дзячы з сацыяльных стандартаў.

 Вуліца Мічурына забудавана індывідуальнымі жылымі дамамі. Многія жыхары вулі­цы некалі трымалі жывёлу, у тым ліку кароў. Зараз на падворках засталося толькі тры рагулі. Але пашы нават для іх не хапае. Ёсць праблема ў нарыхтоўцы кармоў. Клара Мікітаўна прасіла дапамогі ў вырашэнні гэтых грамадскіх праблем. І старшыня выканкама абяцаў садзейнічаць. Адпаведнае даручэнне зроблена начальніку землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Анатолю Гарбузу.

 А вось Алег Барытка, жыхар вёскі Алексінічы і дырэктар мясцовай школы, канкрэтнага адказу, на жаль, не атрымаў ні ў час «прамой лініі», ні пазней. Хаця здавалася б, якія тут могуць быць варыянты? У шматкватэрным доме з даху сарвала некалькі лістоў шыферу. Зразумела, дах трэба рамантаваць. Але які рамонт давя­дзецца рабіць — капітальны, частковы, дзе шукаць на гэта сродкі, у РУП ЖКГ пакуль не ведаюць. Важна, што зварот Алега Барыткі знаходзіцца на кантролі ў старшыні райвыканкама і гэта дадае жыхарам дома ўпэўненасці, што іх пачулі, ім дапамогуць.

Аляксандр ЛАЗЮК.