Бабулін век. Самы дарагі падарунак жыхарка Пожанек атрымала ад таварыша Сталіна

Стогадовы юбілей адзначыла Вольга Якаўлеўна Воранава, жыхарка пасёлка Пожанькі (мясцовыя яго яшчэ называюць Фольварак, націск на першы склад) Багданаўскага сельсавета. У святочны дзень з віншаваннямі і падарункамі да яе прыехала шмат гасцей. Старшыня сельскага Савета дэпутатаў Віктар Мурашкевіч, які ўручыў бабулі новы пашпарт. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі Ганаровую грамату ад раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама  Вользе Якаўлеўне прывёз Аляксандр Паўлоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, які ад імя сваёй службы да граматы прыклаў і грашовы падарунак. Ад ААТ «Сенненскі райаграсервіс» падарунак прыпаднёс Алег Кісель, намеснік начальніка гаспадаркі. Не абышлося і без музычных віншаванняў, якія прагучалі ў выкананні работніцы метадычнага цэнтра аддзела культуры Таццяны Бярговінай і супрацоўнікаў Пожаньскага сельскага клуба Ірыны і Таццяны Хадыка. 

«Як здароўе?»— першае пра што спытаў у юбіляркі, увайшоўшы ў хату, Віктар Сямёнавіч. «Часам хварэю, часам па двары гуляю», — спрабавала жартаваць ба­буля. Узрост далёка не той, калі хваробы не даюць пра сябе ведаць, балячак хапае. Але жанчына трымаецца: тупае паціху па хаце, мінулым летам нават дапамагала дачцэ градкі палоць.

 Сама Вольга Якаўлеўна з вёскі Прыветак. Жыццё не песціла яе з маленства. Калі споўніўся годзік, памерла маці. Выхаванне  дзяўчат (была яшчэ адна сястра), турботы па гаспадарцы ляглі на плечы яе бацькі. Дапамогі чакаць не даводзілася , таму тата з маленства прывучаў дачок спадзявацца толькі на сябе. І сёння Вольга Якаў­леўна ўспамінае, як з трыма сяброўкамі рабіла муж­чынскую работу на вывазцы лесу з в.Вятна. Маладыя, поўныя энтузіязму, не баяліся цяжкай працы. Калгас тады ім залічваў дзень за паўтара. Працаваць хацелася і не толькі таму, што трэба было за штосьці жыць: дзяўчатам абяцалі падарунак ад самога Сталіна — тры метры тка­ніны… Не перадаць той радасці сябровак, калі яны трымалі ў руках доў­га­чаканую «матэрыю»!

 У 25 гадоў Вольга Якаўлеўна выйшла замуж за мар’я­ноўскага хлопца, пе­раехала да яго. Аднак вайна раз­лучыла сям’ю: Данілу Мак­сімавіча прызвалі на фронт. З маленькай дачушкай Алачкай жанчына засталася адна. Спазнала такога ліха, што і сёння без слёз не можа ўспамінаць ваенныя дні, гады жаху, голаду, пажараў.

 Пасля вайны муж вярнуўся ў роднае Мар’янова, у якім засталіся ўсяго два дамы. Аб месцы іх былой хаты сведчыла толькі папялішча. Вольгу Якаўлеўну з дачушкай прытулілі суседзі, якім пашанцавала крыху больш з дахам над галавой. Ад­будоўваць новае жыллё не было з чаго, таму бацькі ўзялі крэдыт у Сянно і купілі старэнькую хатку ў Фоль­варку, успамінае дачка Ала Данілаўна. Потым сваімі рукамі з хібары аднавілі новы ўтульны дом.

 Усё працоўнае жыццё Вора­навы рабілі ў калгасе. Вольга Якаўлеўна — у паляводстве, Даніла Максімавіч — на фермерскіх работах. Нават будучы пенсіянеркай, жан­чына дапамагала вязаць лён, сціртаваць сена.

 Сёння яе даглядае дачка, якая пакінула сваю сям’ю ў Санкт-Пецярбургу і пе­рабралася жыць у Фоль­варак.

 Стогадовы юбілей Вольга Якаўлеўна адзначыла разам са сваімі роднымі. Бабулю павіншавала ўся яе вялікая сям’я — трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Самай маленькай праўнучцы Анютцы — 9 месяцаў. «Табе ёсць чым ганарыцца, — у сваім віншаванні казаў сын Рыгор, — «залатым» уз­ростам, дзецьмі, а гэта, бадай, самае галоўнае, што павінна быць у кожнага чалавека».   

Ала ЯКАЎЛЕВА.