На працягу тыдня кожны сенненец зможа пасадзіць уласнае дрэва

З 21 па 28 красавіка ў раёне, як і ва ўсёй рэспубліцы, пройдзе добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу — 2012». Сёлета яна прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.  

Традыцыйна паўдзельнічаць у акцыі, а таксама бліжэй пазнаёміцца з лясной гаспадаркай, даведацца, якімі намаганнямі ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы, можа кожны жадаючы. У лясгасах будуць падрыхтаваны аб’екты для добраўпарадкавання, пасадачны матэрыял і прылады працы. Добраахвотным памочнікам лесаводаў прадаставяць працу на выбар: можна пасадзіць дрэвы, добраўпарадкаваць тэрыторыю, а мо закласці алею, дэндрапарк. 

 У ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» за час дзеяння акцыі супрацоўнікі лясгаса і валанцёры збіраюцца высадзіць дзясяткі тысяч дрэў лясных парод на плошчы 125 га. У лясным пітомніку высадкі чакаюць каля 2 мільёнаў сеянцаў і саджанцаў, у тым ліку хвоі (600 тысяч адзінак), дуба (4 тысячы), лістоўніцы (47 тысяч). Акрамя таго, будуць праведзены мерапрыемствы па ачыстцы лесу ад захламлення на плошчы 30 га, санітарнай высечцы ў прыдарожных палосах, каля населеных пунктаў (150 га), рамонце 2 існуючых месцаў адпачынку, ліквідацыі 5 несанкцыянаваных звалак на тэрыторыі ляснога фонду.

 У школах раёна пра­дугледжа­на правядзенне цыклаў лекцый-гутарак для вучняў, прысвечаных тэме лесу і яго насельнікам.

 Лясны фонд Сенненшчыны займае 37% ад усёй тэрыторыі раёна. Лясніцтвы заклікаюць сенненцаў не заставацца ўбаку, а далучыцца да акцыі. І непасрэдным удзелам у ёй зрабіць асабісты ўнёсак у прымнажэнне і захаванне ляснога багацця роднай Сенненшчыны!

Вольга Бандарэвіч.

 На здымку: юныя лесаводы з Алексініцкай школы адбіраюць саджанцы хвойных дрэў для далейшай высадкі.