Сенненцы сталі ахвярамі жудаснай аўтакатастрофы ў Расіі

Трагедыя адбылася каля шасці гадзін раніцы 15 красавіка на 392 кіламетры трасы “Дон”. На новым участку аўтадарогі ў аб’езд горада Елец, што ў Ліпецкай вобласці, разбіўся мікрааўтобус Volkswagen, на якім беларусы ехалі на працу ў Варонежскую вобласць. З васьмі чалавек пяцёра загінулі. Сярод іх двое ўраджэнцаў Сенненскага раёна – Аляксандр Дунец, 1992 года нараджэння,  і Аляксей Бяляеў, 1984 года нараджэння. Апошні родам з Новай Обалі, зарэгістраваны ў Віцебску. Трое, у тым ліку двое сенненцаў, Аляксандр Камандышка (1990 г.н.) і Аляксандр Карповіч (1988 г.н.), з раненнямі дастаўлены  ў Елецкую бальніцу.

Па адной з версій, кіроўца аўтамабіля заснуў за рулём, у выніку чаго мікрааўтобус урэзаўся у грузавік, што стаяў на абочыне. Да моманту ДТЗ вадзіцель знаходзіўся ў дарозе каля 14 гадзін.

P.S. На жаль, зноў застаецца канстатаваць, што прычынай гібелі маладых людзей стаў сумна вядомы чалавечы фактар. І колькі яшчэ трэба падобных жудасных трагедый, каб вадзіцелі нарэшце засвоілі ўрок: беручыся за руль аўтамабіля (дарэчы, сродка павышанай небяспечнасці), памятайце, што ў вашых руках чалавечае жыццё, спакой і здароўе  вашых родных і блізкіх.