З пачынам!Першыя ўдзельнікі раённага конкурсу прыпевак “Эх, сенненцы!”

Вясна сімвалізуе росквіт не толькі прыродных сіл, але і творчых здольнасцей. Сведчаннем таму сталі дасціп­ныя допісы ўдзельнікаў конкурсу прыпевак «Эх, сенненцы», што стартаваў у «раёнцы» 1 сакавіка. У рэдакцыю не перастаюць паступаць лісты і тэлефонныя званкі з розных куточкаў Сенненскай зямлі. Прыпеўкі, вершы, песні — конкурс мяркуе выйсці за вузкія рамкі палажэння. І гэта радасна, бо сведчыць пра рознабаковы і багаты талент нашых землякоў, якія імкнуцца такім чынам уславіць сваю малую радзіму. Сёння мы прапануем да ўвагі чытачоў творы нашых першых канкурсантаў. А тым,   хто яшчэ раздумвае аб удзеле,  нагадваем: тэксты аўтарскіх прыпевак можна даслаць на адрас рэдакцыі раённай газеты «Голас Сенненшчыны»: 211120, г.Сянно, вул.Чкалава, 4а ці на электронную скрыню rd@vitebsk.by. Не забудзьцеся ўказаць сваё імя, імя па бацьку і прозвішча, узрост, месца жыхарства, працы, вучобы, кантактны тэлефон.

 І  так, знаёмцеся: загадчыца Рулёўшчынскага сельскага клуба Святлана Віктараўна Саўлевіч і бібліятэкар Тамара Міхайлаўна Саўлевіч.

*   *   *

Як у нашым у Сянно

Ды на святы майскія

Людзі едуць адпачыць

На горы Сінайскія.

*   *   *

Данукалаўцы штогод

У Сянно вязуць свой мёд,

Прадаюць на кірмашы.

Хваляць людзі ад душы.

***

Зранку ў Сянно я еду.

Буду там я да абеду.

Абыду ўвесь кірмаш,

Эх, душу хватае раж…