Пасяўная кампанія на Сенненшчыне пачнецца пасля Вялікадня
Для правядзення комплексу вясенне-палявых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ёсць 468 адзінак трактароў (з іх 55 — энерганасычаных), 58 — глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 73 машыны для ўнясення мінеральных і 49 — арганічных угнаенняў. Нагрузка на адзін трактар складае 119 гектараў ворыва, глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат — 822 гектары, культыватар — 371 гектар. Арганічныя і мінеральныя угнаенні можна ўнесці адпаведна за 61 і 38 дзён.
Як і прадугледжана рабочым планам, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы здольныя правесці сяўбу зерневых культур за 18 дзён, льну — 12, кукурузы — 20 і пасадку бульбы — 11 дзён.
Для фінансавага забеспячэння палявых работ патрабуецца звыш 140,8 мільярда рублёў: на гаруча-змазачныя матэрыялы — 16,5, на набыццё пасяўнога матэрыялу зерневых і бульбы — 1,9, на выплату зарплаты і разлікаў з фондам сацыяльнай абароны насельніцтва — 24,8 мільярда рублёў, на пакупку мінеральных угнаенняў — 68,8 мільярда рублёў. Грашовая выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі не пакрывае гэтыя патрэбы. Значыць давядзецца звяртацца да банкаўскіх крэдытаў.
Калі ўсё гэта магчыма было разлічыць зыходзячы з наяўных пасяўных плошчаў, людскіх, тэхнічных і фінансавых рэсурсаў, то ўмяшанне ў дзейнасць чалавека прыродных з’яў, прадугледзець складана. Хто чакаў, што ў першай дэкадзе красавіка, калі гаспадаркі толькі пачалі палявыя работы, выпадзе снег. Цяпер, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны правядзення пасяўной кампаніі, трэба максімальна ўшчыльніць раней распрацаваныя графікі.
Між тым, па стане на 5 красавіка менш чым летась вывезена арганікі, удвая менш падсеяна шматгадовых траў пад азімыя. Праўда, больш унесена хлорыстага калію пад яравую сяўбу і ў якасці падкормкі.
Веснавую сяўбу, як сваю кроўную справу, павінны ўспрыняць прамыславікі і накіраваць у сельгаспрадпрыемствы запланаваную колькасць спецыялістаў масавых прафесій, а таксама тэхнікі.
Абстаноўка трывожная, але не безнадзейная. Практыка мінулых гадоў сведчыць, што ў раёне масавыя палявыя работы, звычайна, пачынаюцца пасля святкавання Вялікадня. Каб управіцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, пасяўны канвеер павінен працаваць, як швейцарскі гадзіннік.
Мінеральныя ўгнаенні
Пад сяўбу яравых культур грамадскім сельгасарганізацыям сёлета спатрэбіцца больш за 15 тысяч тон мінеральных угнаенняў у дзеючым рэчыве. На пачатак красавіка забяспечанасць склала больш за 56 %, у тым ліку па калію — 84%, азоце — 47, фосфары — 19.
Значная частка ўгнаенняў застаецца на базе Бурбін — каля 2000 тон. Больш за 300 тон складае доля КУСГП імя Данукалава, 250 — КУСГП імя Гараўца, 220 — ААТ «Кругляны». Праўда, такія гаспадаркі як ААТ «Сінягорскае», «Белая Ліпа», «Бяленева», Сенненскі райаграсервіс, ПП «Дружбінец» папаўняюць свае запасы апераджальнымі тэмпамі. А гэта значыць, іх шанцы на атрыманне высокага ўраджаю павышаюцца.
Выбарачным метадам
Надвор’е апошніх дзён спыніла палявыя работы.
А напярэдадні снегападаў земляробы актыўна займаліся падсевам па азімых насення траў. Работы праведзены на плошчы 1218 гектараў, што складае амаль 50 % да плана, а ў ДП «Саўгас імя Машэрава» — 103 %, ААТ «Студзёнка» — 101 %.
Пад яравую сяўбу ўносіўся хлорысты калій, вялася падкормка траў. Азімыя культуры атрымлівалі азотнае сілкаванне. Праўда,рабіць падкормку маглі толькі асобныя гаспадаркі: ААТ «Сенненскі райаграсервіс», ПП «Дружбінец» і ДП «Саўгас імя Машэрава», дзе ёсць машыны на пнеўмахаду.
Клопаты бульбаводаў
У ААТ «Літусава» завяршылі пераборку бульбы. Да пасадкі падрыхтавана 180 тон клубняў пры неабходнасці 160.
Займаліся пераборкай і ў іншых бульбаводчых гаспадарках. З 320 тон, якія мяркуецца сёлета пасадзіць у ААТ «Бяленева», падрыхтавана 140 тон, з 200 тон, неабходных пад пасадку, у КУСГП імя Данукалава перабралі толькі дзесяць.