Крымінальная хроніка Сенненшчыны

У крадзяжы выкрыты адказныя работнікі. што далей?

  Ад дырэктара ААТ «Пурплева» паступіла заява, што ў ноч на 23 сакавіка бягучага года з малочнатаварнай фермы Барок знікла тры каровы. Раённым аддзелам Следчага  камітэта ўзбуджана крымінальная справа. Урон склаў 19 мільёнаў рублёў.

 У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена — крадзеж  буйной рагатай жывёлы ўчынілі ветэрынарны фельчар   і былы ветэрынарны ўрач ААТ «Пурплева».

 Шліфавальнай машыне прырабілі ногі

  Галоўны энергетык КУСГП імя Данукалава паведаміў  у  РАУС, што ў ноч на 24  сакавіка гэтага года з тэрыторыі мехдвара, размешчанага ў в. Полымя, скралі вуглавую шліфавальную машынку.

 Насіллю ў сям’і — не!

  26 сакавіка  па матэрыялах праверкі УІМ узбуджана крымінальная справа па арт.154 ч.1 Крымінальнага кодэкса ў адносі­нах  да непрацуючага жыхара вёскі Камарова, які сістэматычна на працягу года збіваў сваю жонку.

 РАУС просіць усіх грама­дзян не быць раўнадушнымі да падобных фактаў і  паведамляць  аб іх  у міліцыю, каб з малой бяды не разыгралася трагедыя.

 У хату праз  акно

  30 сакавіка ўзбуджана крымінальная справа згодна з ч.2 арт.205 Крымінальнага кодэкса ў адносінах  да жыхара вёскі Кічына, работніка ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», які ноччу, разбіўшы шкло ў акне, залез у хату мясцовага жыхара. Здабычай для зладзея сталі прадукты харчавання.

 У той жа дзень, на той жа падставе, узбуджана крымінальная справа ў адносінах  да непрацуючага жыхара вёскі Забараўе. У перыяд часу са снежня 2011 года па 30 сакавіка 2012 года з дома аднавяскоўкі ён выкраў маёмасць на суму 650 тыс.рублёў.

 Чужыя тут не ходзяць

31 сакавіка ў РАУС паступіла паведамленне ад матэрыяльна адказнай асобы  ААТ «Ульянавічы». Жанчына выявіла, што са склада, які знаходзіцца ў вёсцы Ульянавічы, у ноч з 30 на 31 сакавіка ўкрадзены камбікорм.

 Падчас праверкі было ўстаноўлена, што крадзеж здзейснілі работнікі акцыянернага таварыства, адзін з якіх працуе вартаўніком.

 Колькі можна гаварыць?

  3 красавіка  ў аддзел унутраных спраў райвыканкама звярнуўся дырэктар ААТ «Какоўчына» і паведаміў, што ў перыяд часу з 2 па 3 красавіка з зернесушылкі ў вёсцы Міцюкова выкрадзены электрарухавікі і металічныя рашоткі для прасявання зерня. Урон устанаўліваецца. Праводзіцца праверка.

 Між тым, аб неабходнасці дэмантажу электрарухавікоў з зернесушыльных комплексаў на зімовы перыяд гаварылася не адзін раз. У прыватнасці, усім кіраўнікам сельгасарганізацый з РАУС накіроўваліся адпаведныя пісьмы. Раённы выканаўчы камітэт прымаў спецыяльныя рашэнні…

 Хто цяпер кампенсуе нанесены дзяржаве ўрон? Дзеянні кіраўніка гаспадаркі інакш як халатнасць не назавеш.