Поздняя вясна непакоіць сенненскіх метэаролагаў і аграрыяў

Хлебаробы грамадскіх сельгасарганізацый азімымі зерневымі культурамі і рапсам сёлета занялі амаль 16,5 тысячы гектараў зямлі. Як расліны перанеслі зіму, якая выдалася досыць незвычайнай, мы пацікавіліся ў спецыялістаў Сенненскай метэаралагічнай станцыі.

Апошні раз пробы азімай пшаніцы і рапсу яны бралі 20 лютага. Адрошчванне паказала, што і рапс, і пшаніца перанеслі зімовы перыяд здавальняюча. Зрэджанасць пасеваў азімай пшаніцы аказалася ў межах натуральнай гібелі (менш 10 %). На пасевах азі­мага рапсу гібелі і пашко­джанняў не было выяўлена.

У пачатку сакавіка адзначаўся павышаны тэмпературны рэжым з сярэднясутачнай тэмпературай паветра -1, +1 градус Цэльсія, што на 5-6 градусаў вышэй за норму. Такое надвор’е «абудзіла» расліны і садзейнічала далейшаму расходаванню раслінамі пажыўных рэчываў, аслабленню іх. Гэтыя абставіны прымусілі земляробаў, як толькі стала магчымым, прыступіць да сілкавання раслін азотнымі ўгнаеннямі. Надвор’е апошняга тыдня спыніла работы. Больш таго, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аграномы-практыкі вельмі занепакоены, што паніжэнне тэмпературы і снег, які даволі працяглы час трымаецца на палях, адмоўна паўздзейнічаюць на стан пасеваў.