Сенненскіх пенсіянераў заклікаюць пусціцца ў скокі

У гэтым годзе Сусветны дзень здароўя праводзіцца па тэме «Старэнне і здароўе».

Працэс старэння непазбежны. Ён тычыцца кожнага з нас: мужчын і жанчын, старых і маладых, бедных і багатых, жыхароў жаркага экватара і ледзяной поўначы. Але пажылы ўзрост не павінен быць перашкодай актыўнаму жыццю. Таму людзям заўсёды трэба падтрымліваць добры фізічны, псі­хічны і сацыяльны стан, каб заставацца здаровымі і незалежнымі ў сталым узросце.

Важнае значэнне ў жыцці старых мае фізічная актыўнасць. Шматлікія даследаванні сведчаць пра тое, што актыўныя «старички» і «старушки» маюць больш нізкія паказчыкі смяротнасці ад ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсульту, дыябету, раку тоўстай кішкі і малочнай залозы. У састарэлых, што вядуць актыўны лад жыцця, больш высокі ўзровень сардэчна-сасудзістага і мышачнага здароўя, больш здаровыя маса цела і састаў тканак. Ёсць і яшчэ шэраг станоўчых момантаў.

Таму ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя людзям ва ўзросце 65 гадоў і старэйшым неабходна ўдзяляць фізічнай актыўнасці 150 хвілін у ты­дзень. Заняткі можна размеркаваць блокамі (не менш за 10 хвілін кожны) на працягу ўсяго тыдня.

Фізічная актыўнасць — добрая прафілактыка астэапарозу — захворвання, якое звязана са станчэннем касцявой тканкі, што вядзе да пераломаў і дэфармацыі касцей, а ў канчатковым выніку, да больш ранняй смяротнасці пажылых людзей.

Эфектыўны і прыемны спосаб актыўнасці — танцы. Фізічная нагрузка тут спалучаецца са станоўчымі эмоцыямі. Найбольш прымальны для старых танец — аргенцінскае танга — таксама прафілактыка астэапарозу. Прыкладна праз месяц заняткаў паляпшаецца пастава, можна забыцца пра сутуласць, паходка робіцца лёгкай.

Аднак танга не можа выратаваць ад развіцця астэапарозу, калі чалавек няправільна харчуецца. У рацыёне пажылых абавязковая прысутнасць кісламалочных прадуктаў, і наогул харчаванне павінна быць збалансаваным. А яшчэ трэба адмовіцца ад курэння і алкаголю. Толькі так можна папярэдзіць «маўклівую хваробу» — астэапароз — і падоўжыць актыўнае даўгалецце.

Падрыхтавала

Таццяна Буракова.