Сенненскія настаўнікі вучыліся даваць незвычайныя ўрокі для незвычайных дзетак

 Дрэнная экалогія, частыя стрэсы і яшчэ шмат фактараў садзейнічаюць таму, што жанчыны нараджаюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэтыя, «непадобныя», дзеці таксама маюць права на месца ў соцыуме.

Для паляпшэння ўмоў развіц­ця і сацыялізацыі асаблі­вых дзяцей у школах створаны інтэграваныя класы, у якіх разам з вучнямі, што навучаюцца па агульнаадукацыйных праграмах, па спецыяльных праграмах займаюцца дзе­ці з асаблівасцямі псіхафі­зічнага развіцця. У нашым раёне дзейнічае 42 класы, дзе вучацца 66 такіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Настаўнікам інтэграваных класаў аказваюць дапамогу настаўнікі-дэфектолагі. Ад таго, наколькі цесна на­ладжа­на супрацоўніцтва паміж імі, залежыць эфектыўнасць навучання.

 Нядаўна ў раёне прайшоў абласны семінар-практыкум «Прынцыпы і тэхналогіі ўзаемадзеяння настаўніка класа і настаўніка-дэфектолага ў працэсе абучэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця».

 У рабоце семінара прынялі ўдзел настаўнікі і настаўнікі-дэфектолагі класаў інтэграванага абучэння і выхавання апорных устаноў адукацыі вобласці, спецыялісты абласнога і раённага цэнтраў карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі.

 Перад пачаткам мерапрыемства яго ўдзельнікі пазнаёміліся з выставай метадычных матэрыялаў. Адкрыла семінар Марына Фёдарава, дырэктар ДУА «Ві­цебскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі». Гасцей пазнаёмілі з раёнам з дапамогай фільма-прэзентацыі «Завочнае падарожжа па Сенненшчыне». Аб рэгіянальнай сістэме спецыяльнай адукацыі  расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Святлана Рубанава. Намеснік дырэктара СШ №2 г.Сянно Таццяна Юковіч выступіла з інфармацыяй аб арганізацыі інтэграцыйнага навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах установы агульнай сярэдняй адукацыі.

 Пры абмеркаванні актуальных пытанняў адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пасля знаёмства з вопытам работы ўстаноў адукацыі Сенненскага раёна ўдзель­нікі семінара звярнулі ўвагу на цеснае ўзаемадзеянне настаўнікаў і настаўнікаў-дэфектолагаў пры складанні спецыяльнага вучэбнага плана. Была адзначана неабходнасць актыўнага далучэння дзіцяці з асаблівасцямі развіцця да работы класа, стварэння эмацыянальнага камфорту ад узаемадзеяння з равеснікамі.

 Цікава прайшлі адкрытыя ўрокі, якія далі настаўнікі СШ  №2 г.Сянно і настаўнікі-дэфектолагі. У практычнай частцы семінара яго ўдзель­нікі мадэліравалі ўза­ема­дзе­янне педагогаў шляхам групавых зносін, абмеркавання відэафільмаў урокаў, вызначылі пазіцыі ўзаема­дзе­яння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

 У канцы семінара педагогі прыйшлі да высновы: каб павысіць якасць навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця, неабходна працягваць удасканальванне пра­цэсу ўзаемадзеяння, прапагандаваць рэзультатыўны вопыт работы, ствараць у рэгіёнах метадычную скарбонку спецыяльнага планавання для выкарыстання ў практычнай дзейнасці, рэгулярна павышаць прафесійную кампетэнтнасць настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў класаў інтэграванага абучэння і выхавання праз курсавую падрыхтоўку.

 Як адзначыла дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі Марына Фёдарава, семінар-практыкум пакінуў добрае ўражанне, прайшоў плённа і з карысцю.

 У заканчэнні мерапрыемства адбыўся канцэрт, падрыхтаваны вучнямі СШ №2 г.Сянно і вучнямі вясковых школ, якія наведваюць ін­тэграваныя класы.

Таццяна Буракова.