Сямейныя каштоўнасці Рацьковых

  Яны не шукалі лепшай долі: на малой радзіме будавалі жыццё.

  Лёс Рацьковых звязаны са школай. Больш таго, школа іх пазнаёміла. Выпускніца дзесятага класа, тады яшчэ Людміла Прышчэпа, сустрэла свайго будучага мужа ў сценах роднай Беліцкай школы. На маладога, прыгожага выкладчыка фізічнай культуры тады нельга было не звярнуць увагі. А спрытная і бойкая на словы дзяўчына адразу ж запала ў сэрца юнака. Цікавасць да спорту, аднолькавыя погляды на жыццё і, што немалаважна, любоў да малой радзімы, зблізілі гэтых людзей. Тыя пачуцці, якія ўспыхнулі паміж імі ў час першай сустрэчы, сталі трывалым падмуркам моцнай сям’і. І сёння, калі за плячыма 40 гадоў сумеснага жыцця, яны з цеплынёй і з ноткамі хвалявання ў голасе ўспамінаюць дні, калі нара­джалася іх светлае пачуццё кахання.

 Пасля вяселля, калі Людміла Леанідаўна яшчэ вучылася ва ўніверсітэце ў Віцебску, маладыя вырашылі для сябе, што застануцца ў Полымі.

 Аглядаючыся ў мінулае, гартаючы ў памяці пражытыя гады, яны ні кроплі не шкадуюць, што звязалі сваё жыццё з роднай вёскай. Сям’я ніколі не гналася за шумным, мітуслівым горадам. «На малой бацькаў­шчыне і дыхаецца лягчэй, — гаворыць Людміла Леанідаўна. — А шукаць лепшага ў нас не было патрэбы. Блізкія людзі, сябры, любімая праца — асноўнае, што ўтрымала на месцы».

 Дабрынёй, шчырасцю, уважлівасцю — менавіта гэтымі якасцямі яны заслужылі павагу ў аднавяскоўцаў, сваіх калег, вучняў.

 Больш аддаваць, чым браць, не спыняцца на дасягнутым, быць заўсёды ў творчым пошуку, а галоўнае — любіць дзяцей, не быць абыякавымі да іх будучыні — жыццёвае крэда Рацьковых.

 Місія настаўніка надзвычай высокая, бо менавіта ў яго руках будучае пакаленне беларусаў, гэта добра разумела ў выпускных класах Людміла Леанідаўна і дзесьці ў глыбіні душы баялася браць на сябе такую адказнасць. Але, зроблены ў 1970 годзе, выбар настаўніцкай дзейнасці быў правільны.

 40 гадоў педагагічнага стажу ў Людмілы Рацьковай. І як бы складана не было, аднак за гэты час яна ніколі не падумала памяняць прафесію. Сёння ёй ёсць чым ганарыцца, бо кожны год яе выпускнікі становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.

 Пётр Міхайлавіч 20 гадоў адпрацаваў у Беліцкай сярэдняй школе. Ён быў адным з лепшых настаўнікаў фізкультуры. Пра гэта сведчылі шматлікія перамогі яго вучняў на розных абласных спартыўных спаборніцтвах. Але ў жыцці Пятра Міхайлавіча быў перыяд, калі настаўніцкую дзейнасць давялося пакінуць: час патрабаваў ініцыятыўных арганізатараў і кіраўнікоў. Так, спачатку яго запрасілі на працу сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса «Полымя», праз некаторы час ён стаў намеснікам дырэктара. А колькі гадоў нават узначальваў гаспадарку. Сёння Пётр Міхайлавіч на заслужаным адпачынку, але пенсійны ўзрост для яго не час, калі можна аддацца хатнім клопатам. «Калі адчуваеш, што можаш быць карысным дзецям, нельга  сядзець до­ма?» — гаворыць Пётр Міхайлавіч.

 Настаўніцкая дзейнасць патрабуе вялікага нервовага напружання, працы па 10-12 гадзін у суткі, энергіі. А дзеля вучняў, калі гэта неабходна, Рацьковы гатовы займацца з імі і ў выхадныя дні. «Настаўнік — чалавек, у якога больш трывожна б’ецца сэрца. Яму наканавана хваляванне, а не спакой, гарэнне, а не згасанне, — лічыць Людміла Леанідаўна. — Справы ладзяцца, калі вакол добрыя калегі, калі ёсць падтрымка раённых улад, непасрэдна аддзела адукацыі, а мы заўсёды адчувалі з іх боку дапамогу».

 За гады працы ў Рацьковых было шмат выпускаў. І сёння ў дзень якога-небудзь свята ў сценах роднай школы з букетамі кветак можна сустрэць іх былых вучняў, якія прыходзяць да настаўні­каў, каб шчыра, ад душы, сказаць «Дзякуй!»

 Людміла Леанідаўна: «Калі побач родныя людзі, якія заўсёды гатовы падтрымаць і ў хвіліны радасці, і ў час горычы, то дрэннае хутка забываецца. А што яшчэ трэба для сямейнага шчасця?»

 Дастойную сям’ю ўмацоўваюць дзеці, у якіх бацькі бачаць працяг свайго роду, ажыццяўленне сваіх імкненняў і ідэалаў. Дзеці Пятра Міхайлавіча і Людмілы Леані­даўны даўно выраслі, вывучыліся і абзавяліся сем’ямі. Рацьковы па праву ганарацца імі, бо жывуць дзеці па бацькоўскай навуцы: добрасумленна працуючы, паважаючы людзей і дапамагаючы блізкім.  Старэйшая дачка Ірына пайшла па слядах маці. У яе дзве вышэйшыя адукацыі — выкладчык беларускай мовы і літаратуры, а таксама выкладчык англійскай мовы. Перавагу аддала замежнай мове, якой і вучыць дзяцей Сенненскай школы №2. Сын Міхаіл, скончыўшы Беларускі дзяржаўны эканамічны ўні­версітэт, працуе загадчыкам аддзела ЦУМа г.Мінска.

 Ірына вельмі падобна на сваю маці, быццам дзве кроплі вады. Больш таго, як бы гэта парадаксальна не гучала, але лёс маці паўтарыла і дачка: з будучым мужам Генадзем Ірына пазнаёмілася таксама ў сценах Беліцкай школы (але гэта ўжо зусім іншая гісторыя).

 У Рацьковых пяць унукаў. Двое хлопчыкаў названы Пятрамі ў гонар дзеда. Унучак, праўда, няма. «Жывем на­дзеяй, што дачакаемся праўнучак», — смяюцца гаспадары. 

 У выхадныя і святочныя дні, калі вялікая сям’я збіраецца разам, яны шмат часу праводзяць на прыродзе, арганізоўваючы пікнікі на свежым паветры. Зімой любяць пакатацца на лыжах, каньках, а летам усе разам ходзяць на рыбалку.

 «Самае вялікае ў нас багацце — дружная сям’я, — разважае Людміла Леанідаўна. — А іншага нам і не трэба…, хіба толькі здароўя».

 Памятаць, дзе нарадзіліся, клапаціцца адно аб адным і быць уважлівымі бацькамі — асноўнае, на чым павінна будавацца сям’я, упэўнены Рацьковы. І з імі проста нельга не пагадзіцца.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.