Уладальніца школьнага “Оскара”

Гэта сціплая прыемная дзяўчынка (на здымку) — Яніна Рымар, вучыцца ў 10 класе Яноўскай ДССШ. «Наша Яніначка — проста малайчынка», — такімі цёплымі словамі кажа пра яе дырэктар установы Валянціна Буракова. Яна вельмі адказная вучаніца: пакуль не зробіць усе ўрокі, не падрыхтуецца належным чынам да наступнага школьнага дня, ад пісьмовага стала не адыдзе. Магчыма таму  яе сярэдні бал паспяховасці складае 9,4. «Мне падабаецца вучыцца, — гаворыць Яніна. — Вы не падумайце, я не зубрылка. Адкрыццё новага — рухавік стараннасці».

 Дзяўчына шмат чытае. З рускіх пісьменнікаў перавагу аддае Лермантаву, у беларускай літаратуры — Коласу.

 Старанная, уважлівая, клапатлівая Яніна заўсёды гатова дапамагчы. Пачуць ад яе “не” — практычна немагчыма. Менавіта таму пра дзяўчынку можна гаварыць не толькі як пра выдатніцу. Яна вельмі актыўная творчая асоба. Заўсёды прымае ўдзел як у школьных, так і ў раённых мерапрыемствах, прадметных алімпіядах. Ёй вельмі падабаецца тэатр, часам і сама прымае ўдзел у розных пастаноўках. Дарэчы, у мінулым годзе ў раённым конкурсе тэатральных пастановак яна была названа лепшай актрысай сярод сваёй узроставай групы. У вольны час, якога не так і шмат, Яніна займаецца сваёй любімай справай — вышыўкай.

 Тэкст і фота Алы ЯКАЎЛЕВАЙ.