Сенненцы будуць служыць у самых элітных войсках Беларусі

У раёне аб’яўлены чарговы прызыў юнакоў на тэрміновую ваенную службу згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта. Аб ходзе  мерапрыемства расказвае ваенны камісар Сенненскага ваеннага камісарыята Сяргей Пінчук.

 — Ужо сёння медкамісію прайшлі больш за 150 чалавек. Прыгоднымі да службы ў войску прызнаныя 40 юнакоў, астатнія праходзяць дадатковае абследаванне ў Віцебскім абласным дыягнастычным цэнтры і іншых установах аховы здароўя па розных накірунках.

 — Ці ёсць адрозненне гэтага прызыву ад мінулых? І куды адправіцца служыць большая частка сенненскіх хлопцаў?

 — Большасць прызыўнікоў пойдзе на службу ў элітныя часці ваеннай камендатуры, у тым ліку роту ганаровай варты ў Мінску. Таксама набор будзе весціся ў 377 зенітна-ракетны полк, 49 радыётэхнічную брыгаду, 103 асобную мабільную брыгаду, 153 асобную радыётэхнічную брыгаду асобага прызначэння, 72 гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў, 2 асобны спецыяльны міліцэйскі батальён Унутраных войск МУС.

 — Ці многія прызыўнікі сёння вучацца ў вышэйшых і прафесійна-тэхнічных навучальных установах і тым самым маюць адтэрміноўку ад службы ў арміі?

 — Атрымліваюць адукацыю 80 чалавек. Яны маюць адтэрміноўку згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. І будуць прызывацца ў войска пасля таго, як атрымаюць дыпломы.

 —  Ці ёсць на Сенненшчыне маладыя людзі, якія ўхіляюцца ад службы ў арміі?

 — На жаль, такія грамадзяне ёсць. Яны не з’яўляюцца па павестцы ў ваенкамат і тым самым ухіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву. Гэта Уладзімір Ляшкевіч, Арцём Лысянкоў, Аляксандр Клімовіч, Іван Пракаповіч з Сянно; Міхаіл  Савянок з в.Сукрэмна; Мікалай Рукаль з в.Машчоны; Мікіта Шыдлоўскі і Марк Фёдараў з г.п.Багушэўск; Віктар Буйневіч з в.Савінічы; Уладзімір Пракоф’еў з в.Ладынец; Раман Гардзюк з аграгарадка Нямойта; Станістаў Шухто з аграгарадка Машканы; Вячаслаў Зарубіцкі з в.Старая Беліца; Ігар Пруднікаў з аграгарадка Янова; Максім Петрукевіч з в.Заветнае.

 — Да якой адказнасці могуць быць прыцягнуты вышэйназваныя асобы?

 — Калі прызыўнікі не з’явяцца ў ваенкамат у бліжэйшы час, яны будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці згодна з дзеючым за­канадаўствам. У сувязі з гэтым, звяртаемся да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, у якіх працуюць гэтыя людзі, да бацькоў, каб яны пасадзейнічалі і накіравалі юнакоў у раённы ваенны камісарыят. Хочацца падзякаваць кіраўнікам прадпрыемстваў раёна, якія ідуць насустрач і дапамагаюць у ходзе правядзення прызыўной кампаніі.

 Гутарыла Кацярына КАРПОВІЧ.