Госконтроль проверил подготовку к посевной в хозяйствах Сенненщины

У пачатку сакавіка спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці пацікавіліся, як рыхтуюцца да веснавых палявых работ у акцыянерных таварыствах «Пурплева», «Кругляны», «Сінягорскае» і «Белая Ліпа», і зрабілі вывад: запланаваныя работы праведзены не ў поўным аб’ёме, сельскагаспадарчая тэхніка рамантуецца з адставаннем ад раённага графіка. Ва ўсіх названых гаспадарках завышана аператыўная інфармацыя па яе гатоўнасці.

  У ААТ «Пурплева» на 7 сакавіка з 20 наяўных трактараў адрамантаваны былі 14 адзінак (70 %). Адставанне ад графіка гатоўнасці складала 10 %. Да работы былі падрыхтаваны 4 плугі з 8 наяўных, 3 культыватары з 4, 1 з 2 глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў, 2 з 3 сеялак. Няспраўным быў адзін раскідвальнік мінеральных угнаенняў з трох наяўных. Аператыўная інфармацыя, якая  паступіла з гаспадаркі ў райсельгасхарч, утрымлівала завышаныя лічбы.

  У асобных гаспадарках не хапала насення зерневых і зернебабовых культур, кукурузы, яравога рапсу і шматгадовых траў. У прыватнасці, у ААТ «Кругляны» да поўнай патрэбы не хапала 10,3 тоны зернебабовых культур, 2,68 тоны насення канюшыны, 1,0 тоны насення яравога рапсу, 16 кілаграмаў насення сталовых буракоў. Не пад поўную патрэбу пасяўны матэрыял мела ААТ «Пурплева».

   У ААТ «Белая Ліпа» не захоўваецца навукова-абгрунтаваная структура пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых культур. У прыватнасці, плануецца размясціць  зерневыя і зернебабовыя культуры на плошчы 1470 гектараў, што складзе 83,8 % у структуры ворыва. Сяўба яравых культур на плошчы 298 гектараў запланавана на лугавых угоддзях. У структуры пасяўных плошчаў шматгадовыя травы адсутнічаюць. Насенне ячменю плануецца  пасеяць  на плошчы 286,6 гектара (больш 50 %) па нерэкамендуемых папярэдніках. Падобныя праблемы выяўлены і ў ААТ «Кругляны».

  У ААТ «Сінягорскае» нізкімі тэмпамі вяліся работы па вывазцы на палеткі арганічных угнаенняў. На 6 сакавіка заданне было выканана толькі на 58,7 %. Крыху больш арганічных угнаенняў (62,3 % да задання) было нарыхтавана і вывезена ў ААТ «Пурплева». Значныя запасы гною знаходзіліся ля ферм вёсак Рай і Пурплева ў незабуртаваным выглядзе.

   Вынікі праверкі накіраваны ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама для прыняцця мер па ўхіленні выяўленых недахопаў.

Матэрыял да друку падрыхтаваў

 Аляксандр ЛАЗЮК.