Палить или не палить? Сенненские экологи расскажут, кому и чем вредят весенние палы травы

Прыйшла вясна і эколагі б’юць трывогу. Як толькі сыходзіць снег, людзі пачынаюць паліць сухую траву. Прычым, многія нават лічаць, што тым самым дапамагаюць прыродзе.

 Сёння мы развеем міфы пра карысць выпальвання травы. Адказы на пытанні дае галоўны спецыяліст Сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Макарэвіч.

 — Валерый Пятровіч, кажуць, што выпальванне старой травы стымулюе рост новай?

 — Гэта зусім не так. У нашым клімаце трава перагнівае за зіму і не з’яўляецца перашкодай для маладых парасткаў. У час палаў ужо растуць маладая трава, кветкі. Кустоўі пачынаюць свой актыўны вегетацыйны перыяд, і хоць гэта пакуль знешне не бачна, працэсы адбываюцца. Мала хто ведае, што пасля палаў у першую чаргу пачынае падымацца грубая трава, бур’яны, якія спыняюць рост іншых раслін.

 Травяныя пажары прыводзяць да зніжэння ўрадлівасці глебы — яны знішчаюць мінеральныя пажыўныя рэчывы. Страчваюцца азотныя злучэнні, што робяць глебу беднай. У агні гіне ўся карысная мікрафлора, у тым ліку і тая, якая дапамагае раслінам супрацьстаяць хваробам.

 — Палы травы дапамагаюць знішчыць шкодных насякомых, кляшчэй, напрыклад?

 — Кожны звер, матылёк, жабка, кожная травінка і кветка — складаюць адзінае цэлае ў прыродзе,  біялагічны ланцуг. Знішчэнне аднаго са звенняў можа прывесці да сур’ёзных праблем.

 У агні гіне ўсе жывое: насякомыя, іх лічынкі, даж­джавыя чэрві, якія паядаюць шкоднікаў сада і агарода і ўдзельнічаюць у працэсе ўтварэння глебы. Дажджавыя чарвякі перапрацоўваюць сухую траву, ператвараюць яе ва ўгнаенне і робяць зямлю рыхлай.

 У агні могуць гінуць  звяры, птушкі, нават, людзі.

 Сухая трава — не смецце, а дом, прытулак, умовы для жыцця, створаныя самой прыродай.

 — Наколькі шкодны дым, які ўтвараецца пры гарэнні травы?

 — Дым ад спаленай травы — цёмны, густы. Ён раздражняе вочы, слізістыя абалонкі і непрыемна пахне. Алергікі ўвогуле яго не пераносяць. У агні згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікаты, якія ўтвараюць лятучыя таксічныя, арганічныя і неарганічныя злучэнні. Пры гарэнні травы ўздоўж аўтадарог у паветра трапляюць цяжкія металы. А часам агонь знішчае не толькі тарфянікі і сотні гектараў лесу, а сцірае з твару зямлі населеныя пункты.

  Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, за пажаранебяспечны сезон 2010 года ў лясах было зафіксавана 607 лясных пажараў на агульнай плошчы 424 га. З іх 10-12% адбыліся па прычыне распаўсюджвання травяных палаў каля лясоў і тарфянікаў.

 За парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках, за выпальванне сухой расліннасці, а таксама іржышча, да адміні­страцыйнай адказнасці прыцягнута 175 юрыдычных і фізічных асоб, выдана больш 3 тысяч прадпісанняў.

 Кожны пал — гэта злачынства супраць прыроды і чалавецтва. Памятайце пра гэта — не палі­це сухую траву!

 Гутарыла Кацярына КАРПОВІЧ.